"Жураўлі на Палессе ляцяць", "Алеся", "Спадчына, "Мой родны кут", "Майскі вальс", "Дарагія мае землякі", "Ліст з 45-га", "Полька беларуская", "Венскі вальс", "Трэба дома бываць часцей" - няма ў Беларусі чалавека, які б не ведаў гэтых песень. Некаторыя нават лічаць іх народнымі! Аднак усе яны з'явіліся на свет дзякуючы Ігару Лучанку.
Ігар Лучанок нарадзіўся ў Мінску ў сям'і ўрача, аднак ранняе дзяцінства правёў у Мар'інай Горцы. Па словах кампазітара, ён ведаў свой род да дзясятага калена. Яго бацька быў музыкам-самавукам і вельмі хацеў, каб сын займаўся музыкай прафесійна. Будучы кампазітар спачатку вучыўся граць на цымбалах, а затым на фартэпіяна. Пасля заканчэння Беларускай кансерваторыі (клас кампазіцыі Анатоля Багатырова) стажыраваўся ў Ленінградскай кансерваторыі (пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Шастаковіча), скончыў аспірантуру Маскоўскай кансерваторыі ў Ціхана Хрэннікава.
Акрамя любімых усімі вядомых песень, Лучанок стварыў шэраг значных акадэмічных твораў, а яго "Песню пра Мінск" штодня адбіваюць куранты на Мінскай ратушы.
Народны артыст СССР і Беларусі, любімы ўсімі беларускі кампазітар Ігар Лучанок памёр 13 кастрычніка 2018 года на 81-м годзе жыцця.
Легендарныя хіты кампазітара слухайце на Sputnik.