МІНСК, 9 сту - Sputnik. Няўдалым стаў другі этап ралі-рэйду "Дакар-2019" для срэбнага прызёра мінулагодняй гонкі Сяргея Вязовіча - незадоўга да фінішу на спецучастку яго МАЗ перавярнуўся, паведаміла прэс-служба "Чырвоных зуброў" у Facebook.
"За 200 метраў да фінішу на вялікай хуткасці экіпаж трапіў у пясчаную пастку і перавярнуўся", - гаворыцца ў паведамленні.
Грузавік атрымаў пашкоджанні, але, паводле інфармацыі каманды, экіпаж цэлы. На дапамогу экіпажу Вязовіча, які трапіў у бяду, падаспеў сакаманднік - машына, якой кіруе Сяргей Вішнеўскі. Агульнымі намаганнямі каміён з бартавым нумарам 501 быў пастаўлены на колы і дабраўся да кантрольнай кропкі.
Пераможцам другога этапа ў грузавым заліку зноў стаў Эдуард Нікалаеў з "КАМАЗ-МАЙСТАР", яго экіпаж і ўзначальвае залік грузавікоў. Другое месца ў генеральнай класіфікацыі - у галандца Жэрара Дэ Роя, трэцяе месца ў аргентынца Федэрыка Вілагры.
Беларускія экіпажы займаюць месцы за межамі першай дзясяткі: Вішнеўскі трохі страціў (11), а Вязовіч (12) і Васілеўскі (13) палепшылі свае пазіцыі.
У заліку пазадарожнікаў змяніўся лідар - ім стаў паўднёваафрыканец Жынэль Дэ Вільерс на Toyota, другі - галандзец Бернхард тэн Брынке, трэці - іспанец Нані Рома на MINI.
У матацыклістаў залік па-ранейшаму ўзначальвае Хоан Борт, трэці радок утрымлівае Рыкі Брабец з ЗША, а вось чылійца Педра Куінтанілью, які заняў учора другое месца, аж на чацвёртае пацясніў леташні пераможца "Дакара", аўстрыец Маціяс Уокнер. У квадрацыклістаў у лідарах зноў два аргентынцы: Нікалас Кавігласіа і Густава Галего, на трэцяе месца вырваўся француз Аляксандры Жыру.Трэці этап ралі-рэйду стартуе ў сераду і пройдзе паміж гарадамі Сан Хуан дэ Марконі і Арэкіпа.