МІНСК, 23 сту - Sputnik. ЗША не будуць ганаровым госцем на Мінскім кніжным кірмашы з-за прыпынення працы ўрада, распавёў Sputnik намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі.
У лісце, атрыманым у адрас беларускага міністэрства 23 студзеня, пасольства выказала падзяку за такі гонар і адзначыла, што будзе абмяркоўваць патэнцыйнае культурнае супрацоўніцтва пасля аднаўлення працы ўрада ЗША.
У дыпмісіі выказалі шкадаванне з гэтай нагоды і дадалі, што на час шатдауна ў Мінску спынены ўсе культурныя і грамадскія мерапрыемствы.
XXVI Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш пройдзе ў сталіцы Беларусі з 6 па 10 лютага. Удзел у ёй возьмуць прадстаўнікі 35 краін свету. Ганаровым госцем сёлета павінны былі стаць Злучаныя Штаты Амерыкі.
Цяперашні шатдаун, які пачаўся ў ЗША 22 снежня, ужо перасягнуў рэкорд, пастаўлены ў снежні 1995-га - студзені 1996 года, калі з-за недахопу фінансавання федэральны ўрад быў зачынены 21 дзень. Бюджэт краіны да гэтага часу не прыняты з-за супрацьстаяння прэзідэнта Дональда Трампа і дэмакратаў па пытаннях забеспячэння бяспекі на паўднёвай мяжы - кіраўнік дзяржавы патрабуе вылучыць 5,7 мільярда долараў на ахову мяжы з Мексікай і будаўніцтва сцяны, у той час як Дэмакратычная партыя згодная на больш сціплую суму - 1,3 мільярда. З-за шатдауна каля 800 тысяч дзяржслужачых былі адпраўленыя ў вымушаны неаплатны адпачынак альбо працуюць без заробку.