МІНСК, 17 мая - Sputnik. Амерыканская поп-дзіва Мадонна змагла дамовіцца з арганізатарамі "Еўрабачання" аб сваім выступе ў фінале шоу за два дні да самога мерапрыемства, паведаміла ў чацвер ізраільская тэлекампанія Кан.
Магчымасць выступу Мадонны ў рамках фіналу "Еўрабачання" абмяркоўваецца ўжо некалькі месяцаў. На гэтым тыдні поп-дзіва прыбыла ў Тэль-Авіў і пачала рэпетыцыі, нават нягледзячы на тое, што так і не падпісала дамову з арганізатарамі шоу.
Як стала вядома вечарам у чацвер, менеджмент артысткі і Еўрапейскі вяшчальны саюз ўзгаднілі і падпісалі кантракт.
"Зараз гэта афіцыйна", - паведаміў ізраільскі вяшчальнік.
Падпісанне дамовы затрымлівалася на фоне патрабаванняў актывістаў байкатаваць і "Еўрабачанне", і саму Мадонну. З аднаго боку з такімі заявамі выступаюць палестынскія актывісты, з другога - артадаксальныя рэлігійныя дзеячы.
Мяркуецца, што Мадонна выступіць з дзвюма песнямі: Like a prayer і адным з новых хітоў. За такі выступ поп-дзіва атрымае больш за мільён долараў - спансіраваць яе нумар пагадзіўся адзін з ізраільскіх мільярдэраў.
Фінал "Еўрабачання-2019" пройдзе 18 мая ў Тэль-Авіве. За перамогу ў шоу пазмагаецца ў тым ліку і прадстаўніца Беларусі Зена.