Колькі грошай выдаткавалі турысты і мінчане падчас II Еўрапейскіх гульняў

Галоўнае ўпраўленне гандлю і паслуг Мінгарвыканкама агучыла лічбы мультыспартыўнага форуму. Колькі Лесікаў купілі турысты і дранікаў было з'едзена, чытайце ў аглядзе Sputnik.
Sputnik

У нядзелю ў Беларусі завяршылася галоўнае спартыўнае свята года - II Еўрапейскія гульні. Спецыялісты ўжо пачалі падводзіць вынікі форуму.

Як Мінск развітваўся з II Еўрапейскімі гульнямі - відэа

У прыватнасці, стала вядома, што тавараабарот за час Еўрапейскіх гульняў склаў 2,6 мільёна рублёў. Пра гэта паведамілі Sputnik у Галоўным упраўленні гандлю і паслуг Мінгарвыканкама (ГУПР).

Такую суму жыхары і госці Мінска выдаткавалі на 15 спартыўных арэнах, трох фан-зонах і зонах гасціннасці.

Самай наведвальнай і прыбытковай апынулася фан-зона каля Палаца спорту. Яна пачала працу за два дні да пачатку Гульняў і забрала на сябе ўсю нагрузку, растлумачылі ва ўпраўленні. Тут было зароблена звыш за 550 тысяч рублёў.

Колькі дранікаў з'елі?

Гарачае харчаванне падчас Еўрапейскіх гульняў прадавалі ў Студэнцкай вёсцы, фан-зонах, зонах гасціннасці і на спартыўных аб'ектах.

З кім Лукашэнка глядзіць Еўрапейскія гульні?

Як паведамілі ў ГУПР, за дзесяць дзён тут было прададзена каля 30 тон беларускіх дранікаў, панскіх бургераў і дранбургераў. І гэта не ўсе лічбы. Госці з'елі таксама звыш за 23 тоны шашлыка і 36 тон каўбасак і курыных крылцаў грыль.

"Найбольшым попытам у гасцей карысталіся беларускія дранікі і стравы, прыгатаваныя з іх: панскі бургер і дранбургер, хот-догі з каўбаскай і карамелізаванай цыбуляй, каўбаскі вясковыя, піца, шашлык, блінцы з начынкамі, марозіва, квас", - распавялі ў кіраванні.

І Лесіка ў прыдачу

Па частцы сувеніраў у турыстаў лідзіравалі магніты з сімволікай відаў спорту, кубкі з арнаментам, нататнікі і сшыткі, напульснікі, бірулькі, падушкі, заплечнікі, бейсболкі, майкі, спартыўныя касцюмы, шкарпэткі і, вядома ж, цацкі "Лесік".

Фан-зоны Еўрапейскіх гульняў наведалі больш за 450 тысяч чалавек

Сярэдні чэк пакупкі сувенірнай прадукцыі склаў ад 15 да 50 рублёў. Але былі і свае рэкорды: так, у гандлёвым пункце ў САК "Алімпійскі" расійская сям'я сабрала family-look з аднолькавых маек, баек і кепак, а таксама набылі іншыя сувеніры на суму 422 рублі.

Больш буйныя пакупкі здзяйснялі, як правіла, прадстаўнікі спартыўных каманд.

"Напрыклад, прадстаўнікі Румыніі закупілі для сваёй каманды 26 адзінак "Лесіка" і 27 адзінак футболак на суму шэсць тысяч рублёў. У спартыўным комплексе "Фалькон клаб" таксама прадстаўнікі замежнай спартыўнай каманды набылі розныя сувеніры на суму 980 рублёў", - удакладнілі ў ГУПР.

II Еўрапейскія гульні прайшлі ў Мінску з 21 па 30 чэрвеня. У мультыспартыўным форуме прынялі ўдзел спартсмены з 50 краін свету. Пераможцам у медальным заліку Гульняў стала Расія, нацыянальная зборная якой заваявала 109 узнагарод. На другім месцы - Беларусь з 69 медалямі.