Фота

Абдымалі дуб і скакалі праз агонь: як у Шыпілавічах адзначылі Пятровіцу

Sputnik

12 ліпеня праваслаўная царква ўшанавала памяць Святых Пятра і Паўла. У гэты дзень у вёсцы Шыпілавічы Любанскага раёна Мінскай вобласці ўжо дзевяты год запар прайшоў фестываль традыцыйнай народнай культуры "Пятровіца" - свята, падобнае да Купалля і прысвечанае яднанню з прыродай, будучаму ўраджаю і любові.

Як прайшоў абрад "Ваджэнне і пахаванне Стралы" ў вёсцы Валасовічы – фота

З раніцы незамужнія дзяўчаты хадзілі ў поле да векавога дуба, вязалі на яго стужачкі з просьбай сустрэць наканаванага і плялі святочныя вянкі.

Вечарам дзяўчаты і жанчыны вадзілі карагоды ў вёсцы. Калі яны сустракалі на сваім шляху мужчыну, яго зацягвалі ў круг і вадзілі вакол карагод.

Само свята пачалося з набажэнства каля прыдарожнага крыжа, затым прысутных чакаў канцэрт мясцовых народных калектываў.

Пасля абраду распальвання вогнішча замужнія, умудроныя жыццём жанчыны падзякавалі святым і вымавілі святочныя наказы-просьбы пра добры ўраджай, сямейнае шчасце. У вогнішча ў якасці дару кінулі па жмені солі.

Асноўная частка абраду - абыход незамужніх дзяўчат сямейнымі жанчынамі. Дзяўчыны, якія хочуць замуж, станавіліся адна за адной, а замужнія жанчыны, узяўшыся за рукі, абыходзілі іх "змейкай" з абрадавай песняй. Пасля станавіліся ў кола вакол вогнішча, а дзяўчаты, у сваю чаргу, вадзілі вакол іх свой карагод. Такім чынам старэйшыя дабраслаўлялі маладых на шчаслівае сямейнае жыццё.

Фотафакт: на Веткаўшчыне зладзілі старажытны абрад "Колік віць"

Мужчынам таксама дасталася своеасаблівае благаслаўленне. Даўней дзяўчыны зрывалі старыя шапкі з жанатых мужчын і кідалі іх у агонь, каб было шчасце ў сямейным жыцці. Але ў гэты раз шапкі зрабілі з паперы.

Па павер'і, Пятроў Дзень - гэта апошні дзень у годзе, калі незамужняя можа знайсці сабе пару. Таму хлопец з дзяўчынай, у якіх маецца ўзаемная сімпатыя, скакалі, узяўшыся за рукі, праз вогнішча і цалаваліся. Дзяўчына аддавала упадабанаму хлопцу свой вянок. Увесь святочны вечар пара гуляла і танчыла разам.

Увечары можна было пакаштаваць духмянай юшкі: па біблейскіх паданнях, Святы Пётр быў рыбаком, таму ў Пятроў дзень прынята карміць мужа і блізкіх рыбай або юшкай, каб абараніць сваю сям'ю ад разладу і скандалаў.

Арганізавалі свята аматары гісторыі і старажытных традыцый беларусаў - стваральніца школы Пятровіца Анастасія Кухарэнка і этнахарэограф, кіраўнік узорнага фальклорнага ансамбля "Верабейкі" Сяргей Выскварка.

1 / 20
12 ліпеня праваслаўная царква ўшанавала памяць Святых Пятра і Паўла. У гэты дзень у вёсцы Шыпілавічы Любанскага раёна Мінскай вобласці ўжо дзевяты год запар прайшоў фестываль традыцыйнай народнай культуры "Пятровіца".
2 / 20
З раніцы незамужнія дзяўчаты хадзілі ў поле збіраць кветкі.
3 / 20
На крыжы і галінках дрэў вязалі стужачкі с просьбай прывабіць каханага.
4 / 20
Прасілі і пра здароўе, і пра дабрабыт і лад у сям'і.
5 / 20
Свята Пятровіца вельмі падобнае да Купалля.
6 / 20
Дзяўчыны робяць вянкі з палявых кветак.
7 / 20
Пасля вянок можна падараваць каханаму хлопцу.
8 / 20
На Пятровіцу хадзілі пакланіцца дубу.
9 / 20
Лічылася, што дрэва дае здароўе і шчасце, такое ж магутнае, як яно само.
10 / 20
Перад пачаткам гулянняў на свяце прайшоў малебен.
11 / 20
Пятровіца - гэта не толькі дзень ушанавання святых, але і свята яднання з прыродай.
12 / 20
Дзяўчыны і жанчыны сабраліся ў карагоды і вадзілі іх па вёсцы. Калі яны спаткалі мужчыну, зацягвалі яго ў кола і вадзілі карагод вакол яго. Нават аўтамабілістам не ўдалося пазбегнуць абраду.
13 / 20
Святочнае шэсце з песнямі рухалася па вёсцы.
14 / 20
Напярэдадні прайшоў дождж, але з надвор'ем на свята пашанцавала.
15 / 20
Народныя калектывы выканалі традыцыйныя беларускія песні.
16 / 20
Увечары пачаліся спевы і танцы.
17 / 20
Жанчыны дабраславілі вогнішча і ўкінулі туды крыху солі як дар.
18 / 20
Маладых дзяўчын "праводзілі" ў дарослае жыццё, пажадаўшы ім добрага шлюбу.
19 / 20
Потым моладзь гуляла і скакала праз вогнішча.
20 / 20
Калі трымацца за рукі падчас скачка, а потым пацалавацца - будзе шчасце на ўсё сумеснае жыццё.