МІНСК, 31 жні - Sputnik. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў гасцей і ўдзельнікаў Дня беларускага пісьменства, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
26-е свята беларускага пісьменства ў гэтым годзе прымае Слонім. Акрамя таго, упершыню фэст выйдзе за межы аднаго горада - адной з пляцовак форуму стане Жыровіцкі манастыр.
У віншаванні прэзідэнт адзначыў, што Слонім - адзін з самых старажытных беларускіх гарадоў, які за сваю доўгую гісторыю "не раз гераічна пераадольваў суровыя выпрабаванні".
"Ён захаваў гістарычныя карані і цяпер гарманічна спалучае ў абліччы мінулае і сучаснасць", - сказаў Лукашэнка.
"Вялікая місія Дня пісьменства - аб'ядноўваць усіх беларусаў свету, перадаваць новым пакаленням літаратурныя і мастацкія скарбы нашага народа, любоў да роднай мовы, выхоўваць беражлівыя адносіны да помнікаў старажытнасці, садзейнічаць умацаванню пачуцці гонару за Радзіму", - дадаў беларускі прэзідэнт.
Праграма святочных мерапрыемстваў на Дзень пісьменства ў Слоніме
Па словах кіраўніка дзяржавы, Дзень пісьменства займае асаблівае месца сярод важнейшых падзей культурнага жыцця краіны. Лукашэнка дадаў, што свята з'яўляецца добрай нагодай яшчэ раз звярнуцца да спрадвечных нацыянальных традыцый і асэнсаваць іх месца ў сучаснасці.