Апошні дзень перад Піліпаўскім постам, які пачынаецца 28 лістапада і названы так у гонар аднаго з 12 апосталаў, святога Піліпа, называецца Піліпаўскія запускі, або заговіны.
27 лістапада яшчэ дазваляецца есці скаромныя стравы, да таго ж, гэта да самых Каляд апошні шанец даведацца пра свой лёс, таму што варажыць падчас посту лічылася вялікім грахом.
У беларускіх дзяўчын заўсёды існавала шмат спосабаў даведацца, ці хутка яна абярэцца шлюбам і нават як будзе выглядаць жаніх.
Мяса пад падушкай
Пасля вячэры напярэдадні Піліпаўкі дзяўчыны пакідалі кавалачак мяса. Яго трэба было пакласці пад падушку, прымаўляючы такія словы: "Нарачоны, прыходзь да мяне загаўляцца". Лічылася, што тады ў сне дзяўчына абавязкова ўбачыць твар свайго будучага мужа.
Хто шклянку вады падае
Яшчэ адным спосабам даведацца пра знешні выгляд нарачонага было наесціся перад сном салёнага, легчы і побач паставіць шклянку вады са словамі: "Нарачоны, падыдзі, падай вадзіцы напіцца". Хто ў сне падасць шклянку, з тым і лёс абрацца шлюбам.
Плыві, хлебушак
Прыблізны час вяселля таксама мог стаць вядомы з дапамогай варажбы. Для гэтага бралі глыбокую талерку або міску, налівалі ў яе ваду і кідалі кусочак хлеба. Калі ён адблыве ад краю, то хутка будзе вяселле. Варажыць маглі і некалькі дзяўчын – тады той, чый кавалачак адплыў раней, пашанцуе і першай выйсці замуж.
Пярсцёнак у крупах
Яшчэ адным спосабам даведацца, ці хутка пойдзеш замуж, было ўкінуць пярсцёнак у міску з крупамі і паспрабаваць выцягнуць яго, апусціўшы ў яе руку. Шукаць забаранялася, лічылася, што варажба праўдзівая, толькі калі пярсцёнак сам трапіў у руку.
Абняць плот
Тыя, каму не сядзелася ў хаце, маглі выйсці ва двор і абняць плот, а потым падлічыць, колькі дошак удалося ахапіць. Калі іх цотная колькасць, шлюбу быць, а калі не – у бліжэйшы час у дзяўчыны не будзе пары.