"Беларуснафта": дэфіцыту паліва на АЗС краіны не будзе

Нягледзячы на тое, што з 1 студзеня спыніліся пастаўкі нафты з Расіі на беларускія НПЗ, "Беларуснафта" паспела зрабіць запасы бензіну і дызеля, якіх хопіць мінімум на дзесяць дзён.
Sputnik

"Белнафтахім" пракаментаваў спыненне паставак нафты з Расіі
МІНСК, 3 сту - Sputnik. Дэфіцыту і перабояў з пастаўкамі паліва на АЗС Беларусі не чакаецца, нягледзячы на спыненне паставак нафты з Расіі, пра гэта заявіў Spuntik намеснік генеральнага дырэктара "Беларуснафты" па забеспячэнні вуглевадароднай сыравінай і рэалізацыі прадукцыі Сяргей Каморнікаў.

Некаторыя аўтамабілісты ў сацыяльных сетках ужо пачалі абмяркоўваць, што ў сувязі са спыненнем паставак расійскай нафты могуць узнікнуць праблемы з палівам на АЗС. Каморнікаў супакоіў панікёраў: пакуль нафтапрадукты на нафтабазы "Беларуснафты" з беларускіх НПЗ паступаюць штодня.
"Акрамя таго, у кампаніі створаны дастатковыя запасы ўсіх відаў паліва, якіх хопіць мінімум на дзесяць дзён. Дэфіцыту паліва не чакаецца. Усе заправачныя станцыі сеткі "Беларуснафта" працуюць у штатным рэжыме", - распавёў ён.

Нафты з Расіі няма, але НПЗ працуюць

Яшчэ 31 снежня стала вядома, што Беларусь і Расія не заключылі новыя кантракты па пастаўках нафты на 2020 год. З улікам сітуацыі, якая склалася, прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў знайсці альтэрнатыўных пастаўшчыкоў сыравіны ў бліжэйшы час.

У пятніцу "Белнафтахім" пацвердзіў інфармацыю аб тым, што з 1 студзеня пастаўкі нафты на беларускія НПЗ з Расіі спыніліся. У той жа час прадпрыемствы працягваюць працаваць, выкарыстоўваючы запасы сыравіны, зробленыя раней, аднак не на поўную магутнасць.

"У дадзены момант загрузка абодвух НПЗ зніжана да тэхналагічнага мінімуму. Яны працуюць на рэштках сыравіны, назапашаных ў снежні", - распавялі ў прэс-службе "Белнафтахіма".

У канцэрне таксама пацвердзілі, што кантракт на пастаўку нафты з Расіі па-ранейшаму не заключаны. У сувязі з гэтым цяпер прапрацоўваюцца іншыя варыянты паставак сыравіны.