Мяркуючы па актыўнай працы тэатра анлайн і афлайн, відавочна, што юбілейны год будзе паспяховым, але калектыў вырашыў пацвердзіць творчасць бухгалтэрыяй і прадставіў шырокай грамадскасці лічбавыя вынікі мінулага года.
Артысты атрымліваюць "па 500"
Уласныя даходы Купалаўскага тэатра ў 2019 годзе павялічыліся на 130% ў параўнанні з вынікамі 2018 года.
Акрамя таго, у мінулым годзе павялічыўся даход ад рэалізацыі квіткоў на спектаклі і музычныя вечары, якія праводзіць тэатр, а таксама вырас экспарт паслуг і дасягнуў сумы Br229 700. Таксама значна выраслі атрыманыя даходы па дамовах рэкламнага абслугоўвання і спонсарскай дапамогі і дзяржаўная дапамога з боку Міністэрства культуры.
У выніку павялічыўся і сярэдні заробак работнікаў тэатра, які склаў Br 968,08 з улікам выплаты адпаведных плацяжоў у бюджэт і фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Для артыстаў сярэдні заробак склаў Br1089, а ў снежні 2019 года – нават Br1416.
Колькасць наведвальнікаў – амаль 100 тысяч
У спіс дасягненняў варта ўключыць і паказы, якія адбыліся па-за межамі тэатра – у сталічным Доме афіцэраў і на іншых пляцоўках, а таксама ў дзесяці беларускіх гарадах – Брэсце, Пінску, Калінкавічах, Гомелі, Слоніме, Маладзечне, Гродне, Бабруйску, Лідзе і Салігорску.
Запаўняльнасць у параўнанні з 2018 годам павялічылася на 3% і склала 84%. Пры гэтым ў студзені 2020 года залы Купалаўскага былі запоўненыя на 98%, а 83% квіткоў на люты ўжо прададзена.
Гастрольная дзейнасць тэатра не была абмежаваная толькі беларускімі гарадамі. На карце гастроляў таксама з'явіліся Бранск, Гданьск, Беласток, Парыж, а ў студзені 2020 года ўжо адбыліся паказы ў Вільнюсе і Маскве.
Самыя папулярныя – "Рэвізор" і "Кароль Лір"
Папулярнасць спектакляў мінулага года ў тэатры вызначаюць вельмі проста: калі на спектакль продаж квіткоў складае 100%, яго безумоўна ўключаюць у тэатральны топ.
Так, у 2019 годзе гэта "Рэвізор", "Кароль Лір" і "Ноч на Каляды" ў пастаноўцы мастацкага кіраўніка тэатра Мікалая Пінігіна, "Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях" рэжысёра Алены Ганум, а таксама "Паўлінка", якая ў снежні 2019 атрымала статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці краіны.
Што тычыцца Камернай сцэны, там найбольш наведвальнымі сталі "Радзіва Прудок" і "Першы" Рамана Падалякі, на якія продаж квіткоў таксама склаў 100%.