У беларускай мове існуюць тры тыпы спражэння дзеясловаў, а таксама рознаспрагальныя дзеясловы – тыя, якія маюць канчаткі адразу двух спражэнняў. Вызначыць спражэнне можна па канчатках 2-й асобы адзіночнага ліку або 3-й асобы множнага.
Дзеепрыметнік
Дзеепрыметнік з'яўляецца дзеяслоўнай формай са значэннем працэсуальнай прыкметы: схаваны скарб – той скарб, які схавалі і г. д. Гэтыя формы маюць час, трыванне, стан, а таксама імянныя катэгорыі роду, ліку і склону. У адрозненне ад дзеясловаў, дзеепрыметнікі не маюць форм асобы і ладу.
Дзеепрыметнікі залежнага стану прошлага часу могуць мець кароткія формы (названа, прачытана замест названая, прачытаная).
Найбольш ужывальнымі ў беларускай мове з’яўляюцца дзеепрыметнікі прошлага часу залежнага і незалежнага стану з суфіксамі -л-, -н-, -ан-, -ен- і -т-. Дзеепрыметнікі незалежнага і залежнага стану з суфіксамі –ем- (-ом-), -уч- (-юч-), -ач- (-яч-), -ім-, -ш-, -уш-, а таксама зваротныя дзеепрыметнікі амаль не ўжываюцца ў сучаснай беларускай літаратурнай мове, замест іх выкарыстоўваюцца даданыя сказы: читающий мальчик – хлопчык, які чытае. Таксама яны часам замяняюцца назоўнікамі (наше будущее – наша будучыня), прыметнікамі (воображаемый друг – уяўны сябар), дзеясловамі (упавший мяч отскочил от пола – мяч упаў і адскочыў ад падлогі) і прыдатачнай часткай (программы, симулирующие реальность – праграмы – сімулятары рэальнасці).
Дзеепрыслоўе
Дзеепрыслоўе - гэта нязменныя формы дзеясловаў, якія служаць для абазначэння дадатковага дзеяння пры галоўным, якое выражана выказнікам.
Дзеепрыслоўе мае катэгорыі трывання, зваротнасці, пераходнасці, можа быць толькі ў незалежным стане і не мае формы часу. У сказе дзеепрыслоўе выконвае ролю акалічнасці і паясняе дзеяслоў-выказнік.
Калі разам з дзеепрыслоўем ужываюцца паясняльныя словы, яны ўтвараюць спалучэнне, якое выступае ў ролі аднаго члена сказа і выдзяляецца на пісьме коскамі: Я ўбачыў, як яны, паволі ідучы, павярнулі ў сад.