Нашы продкі верылі, што праз восем тыдняў пасля Вялікадня, калі пачынае красаваць жыта, трэба асабліва сцерагчыся русалак, бо менавіта ў гэты час яны выходзяць з вады і могуць прагульвацца па лесе, полі і нават вёсцы. Такіе шпацыры не абяцалі звычайным людзям нічога добрага - дзяўчына-тапельніца магла нават забраць з сабой. Згодна з народнымі ўяўленнямі, у звычайныя часы русалка магла заставацца на паветры, пакуль не высахнуць яе валасы і толькі на Русальны тыдзень не дзейнічала гэтая забарона.
Заканчваўся Русальны тыдзень абрадам Русалле, які ў некаторых беларускіх вёсках узнаўляюць дагэтуль. Праводзяць яго ў першую нядзелю пасля Тройцы. Сярод вясковых дзяўчат абіраюць некалькі русалак - іх апранаюць у нацыянальныя строі, плятуць для іх вынкі з кляновага лісця. Прыгажуні водзяць карагоды, спяваюць песні і абавязкова кідаюць свае вянкі ў ваду. Заканчваецца святкаванне Русалля звычайна святочнай вячэрай. Усе гэтыя дзеянні былі неабходныя для таго, каб задобрыць русалак: інакш яны будуць шкодзіць вяскоўцам увесь год.
Фатограф Альфрэд Мікус у гэтым годзе патрапіў на святкаванне Русалля ў вёску Кузьмічы Любанскага раёна. Глядзіце ў фотастужцы Sputnik як беларускія русалкі водзяць карагоды.