МІНСК, 18 жні - Sputnik. Канада не прызнае вынікі выбараў прэзідэнта Беларусі і заклікае да правядзення новых, "свабодных і справядлівых", пра гэта заявіў кіраўнік МЗС краіны Франсуа-Філіп Шампань.
"Мы не прызнаем вынікі гэтых сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і заклікаем да свабодных і справядлівых выбараў", - гаворыцца ў заяве, апублікаванай у Twitter міністра.
Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства паведаміў, што пагаварыў з кандыдатам у прэзідэнты Беларусі Святланай Ціханоўскай і выказаў падтрымку беларускаму народу.
Акрамя таго, Канада заклікала АБСЕ правесці "дбайнае расследаванне" мінулых выбараў і асудзіла "суровыя меры, якія прымяняюцца супраць мірных пратэстуючых".
Пра непрызнанне вынікаў выбараў заявіла і Ірландыя, адпаведная заява апублікавана на сайце ірландскага МЗС.
"Вынікі (выбараў) не з'яўляюцца легітымнымі, пра што сведчаць запалохванні і затрыманні, якія мелі месца як да, так і пасля выбараў", - гаворыцца ў ім.
У заяве міністр замежных спраў Ірландыі Сайман Ковэн таксама выказаў занепакоенасць і сітуацыяй, якая склалася ў Беларусі пасля выбараў.
"Я па-ранейшаму глыбока занепакоены падзеямі, якія адбываюцца ў Беларусі і рашуча асуджаю парушэнне правоў чалавека, якія мы назіраем пасля прэзідэнцкіх выбараў, што прайшлі з парушэннямі", - гаворыцца ў заяве міністра.
Прэзідэнцкія выбары адбыліся ў Беларусі 9 жніўня, на пасаду кіраўніка дзяржавы прэтэндавалі пяць чалавек. Па дадзеных ЦВК, перамогу ў першым туры атрымаў дзеючы прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, на другім месцы апынулася Святлана Ціханоўская.
Нязгодныя з вынікамі выбараў людзі з вечара 9 жніўня штодня выходзяць на вуліцы гарадоў. За час пратэстаў у Беларусі было затрымана каля сямі тысяч пратэстуючых, сотні чалавек пацярпелі. Першыя тры дні пратэсты жорстка падаўляліся сілавікамі з выкарыстаннем спецсродкаў, пазней масавыя акцыі пратэсту праходзілі мірна.