Адкуль пайшла назва месяца "кастрычнік"?

Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра паходжанне назвы другога восеньскага месяца і вучыць гатаваць стравы, якія сагрэюць душу і цела.
Sputnik
Цяпер мала каму вядома, што другі месяц восені ў даўнія часы меў з дзесятак назваў, якія яго характарызавалі. Пазімнік, гразьнік і брудзень, лістапад і жовцень, акцябр і ріень, паздернік і кастрычнік, хлебнік і вясельнік.
Фота
Як выглядае цёплы кастрычнік на Палессі
Перадзімовы час, калі з дрэў сыплецца золатам жоўтая лістота, а частыя дажджы брудзяць зямлю, калісці быў поўны не толькі маруднай сезоннай працы, але і прыемных, і радасных падзей у жыцці вясковага чалавека. Традыцыйна ў кастрычніку надыходзіла вясельная пара. Моладзь актыўна рыхтавалася да ўрачыстасцяў, бацькі падлічвалі прыпасы, а гаспадыні браліся за выпечку хлеба са свежай мукі.
Навукоўцы сцвярджаюць, што звыклая для нас назва месяца кастрычнік з’явілася па ініцыятыве беларусаў у прэсе на пачатку ХХ стагоддзя. Кандыдат філалагічных навук Уладзімір Куліковіч у адным са сваіх артыкулаў адзначыў, што назва была скалькавана з польскай мовы, дзе словам "паздзернік" называецца сярэдні месяц восені і азначае працэс апрацоўкі лёну і канопляў. Толькі за аснову ўтварэння новай беларускай назвы месяца моватворцы ўзялі не працэс, а назву яго пабочнага прадукта "кастрыцы".
Дарэчы паздзернікам гэты восеньскі месяц і цяпер месяц называюць не толькі палякі, але і сербы, а само слова "паздзіркі" беларусам было калісці добра вядома.
Так у ХІХ стагоддзі філолаг-славіст і этнограф Іван Іванавіч Насовіч у "Слоўніку беларускіх гаворак" паведамляе: "Паздзéрникъ и паздэрникъ – древнее славянское название месяца октября, слово употребляемое простолюдинами и шляхтою. Паздерникъ паздзираець лисце зъ дзеревъ". Яшчэ раней за Насовіча "паздзернік" узгадваецца ў паэзіі Андрэя Рымшы, які пісаў на старабеларускай мове ў ХVІ стагоддзі. А вось Францыск Скарына гэты месяц называў лістапад і октяврий.
З гэтай даўняй назвай месяца нечакана давялося сустрэцца падчас чарговай кулінарнай вандроўкі. У пошуках новых кулінарных рэцэптаў у Мінскім раёне завітала ў невялікую вёскау Паздзіркі. Старажылы патлумачылі, што калісці тут займаліся вытворчасцю льняных нітак. Іх вазілі на продаж у Мінск і Ракаў. Вытрапаны пры дапамозе церніцы і трапла лён часалі драўляным грэбенем, а апалае з пад яго валакно называлі "паздзіркі". Гэта слоўца і дала назву вёсцы ў якой і цяпер можна ўбачыць стары калаўрот, а гаспадыня гасцінна запросіць да стала, засланага ільняным абрусам, тканым яшчэ ў пазамінулым стагоддзі. У гэтай вёсцы шануюць традыцыйную сялянскую кухню. Першыя стравы, такія як малочны або засквараны фасолевы суп, буракі, капуста і крупнік заўсёды густыя. Як раней, так і цяпер гэтай стравы было дастаткова, каб земляроб добра пад’еў у абед і працягнуў гаспадарчыя справы да вячэры. Увечары ж гаспадыня даставала з печы разнастайныя тушанкі і кашы, якія запівалі кіслым або салодкім малаком, а ўзімку зёлкавай гарбатай.
Крупнік
Інгрыдыенты:
Як гатаваць:
Спосаб прыгатавання гэтай стравы ў печы розніцца ад яе прыгатавання на пліце тым, што гаспадыня ўкладае ў гаршчок адразу ўсе прадукты, акрамя засквары, соліць і пакідае варыцца. Засквару дадаюць, калі крупы амаль гатовыя, а працягласць гатавання залежыць ад тэмпературы ў печы. Вядома ж смак такой стравы з печы непаўторны, але і на пліце можна прыгатаваць смачна.
Каб прыгатаваць крупнік, крупы трэба перабраць, памыць, усыпаць у каструлю з кіпенем і варыць, час ад часу перамешваючы. Калі  крупы будуць амаль гатовы, пакласці нарэзаную кубікамі бульбу, падсмажаную на сале цыбулю. За 5 хвілін да канца варкі дадаць лаўровы ліст і соль.
Густую першую страву пасыпаць дробна скрышанай зелянінай кропу.
Пончыкі бульбяныя
Інгрыдыенты:
Як гатаваць:
Бульбу пачысціць, натаркаваць, дадаць, разведзеныя ў цёплым малацэ дрожджы, муку, замясіць цеста. Паставіць яго на паўтары гадзіны ў цёплае месца. Пасля гэтага дадаць жаўткі, расцёртыя з маслам і соллю, зноў вымесіць і даць крыху пастаяць.
Лыжкай аддзяляць кавалачкі цеста і смажыць іх у тлушчы да ўтварэння румянай скарынкі.
Падсмажыць на тлушчы дробна нашаткаваную цыбулю і пакласці яе на пончыкі перад падачай.