Вужалка і Баламуцень: якім беларускім нячысцікам можна апрануцца на Хэлоўін

Хоць Хэлоўін – не ўласна беларускае і нават не славянскае свята, хто сказаў, што мясцовым нячысцікам забараняецца весяліцца на Дзень усіх святых?
Sputnik

Хэлоўін або Самайн - язычніцкае свята, якое сімвалізавала перамену пораў года, а з прыходам хрысціянства ператварылася ў разгул нечысці напярэдадні Дня ўсіх святых.

Традыцыя пераапранацца ў нечысць і, як бы сказалі беларусы, "калядаваць", выпрошваць салодкі пачастунак у суседзяў узнікла ў Амерыцы, але хутка была падхоплена і еўрапейскімі краінамі, а затым прыйшла і ў Беларусь. Звычайна моладзь абірае жахлівыя і добра вядомыя ўсім вобразы: шкілетаў, зомбі, упыроў і гэтак далей. Атрымліваецца, прынесці свята прынеслі, а мясцовую нечысць на яго не запрасілі.

Абярэгі нашых продкаў: як выгнаць дэмана і навошта мазаць хлеў экскрыментамі

Каб нашы нячысцікі, у большасці сваёй не злыя і нават карысныя не крыўдзіліся, глядзіце, якія вобразы з беларускай міфалогіі можна ўжыць пры падрыхтоўцы да вясёлага і жудаснага свята, а таксама чытайце парады стыліста.

Дэманічны кот

Варгін, або Варган – дэманічная істота, якая з'яўляецца ў вобразе ката. У народзе яго называюць кашачым каралём. Імя Варгін, верагодна, паходзіць з літоўскай мовы – ад varginti, што значыць "мучыць".

Булгакаўскі Бегемот тут можа адпачываць: беларускі Варган, пра якога пісалі Ян Баршчэўскі і Уладзімір Караткевіч – жудасная істота, якая сваім пекным выглядам падманвае даверлівых людзей. Так, Ян Баршчэўскі ў сваім апавяданні "Прыродны чараўнік і кот Варгін" сцвярджае, што гэты дэман сваім варкатаннем распладзіў у галаве жанчыны, нябыта ў гняздзе, атрутных ос.

Вужалка і Баламуцень: якім беларускім нячысцікам можна апрануцца на Хэлоўін

У народзе сапраўды існуе павер'е, што чорныя каты, а асабліва сам іх цар, могуць сваім варкатаннем выклікаць з'яўленне ў галаве чалавека розных казурак – не толькі восаў, але і шэршняў, матылёў, праз якіх ён неўзабаве памрэ ў страшэнных пакутах. Дапамагчы тут мог толькі моцны чараўнік, які з дапамогай патаемнага слова выганяў Варгіна і ўсю яго світу.

Парада стыліста: Кот – ён кот і ёсць. Калі ў вас недзе заваляліся каціныя вушкі, дастаткова апрануцца ў чорнае, намаляваць вусы і прычапіць доўгі хвост. А каб падкрэсліць, што вы не звычайны кот – сябар ведзьмы, можна зрабіць са стужак або паперы восаў і дапоўніць імі свой вобраз. Тады ў сяброў абавязкова ўзнікне пытанне, і вы зможаце расказаці ім гісторыю свайго касцюма.

Не зусім Вадзяны

Баламутня не варта блытаць з Вадзяным, таму што гэта дух хутчэй гарэзлівы, чым злы, але і ад яго можна моцна пацярпець, калі не ведаць, як выратавацца. Жыхары беларускіх вёсак уяўлялі яго ў выглядзе высокага пузатага мужчыны з зялёнымі валасамі і барадой; нехта кажа, што твар у яго страшэнны, іншыя сцвярджаюць, што, наадварот, вельмі прыгожы, але ўсе згаджаюцца, што ёсць у ім нешта нечалавечае: ці то колер валасоў, ці то вочы – вялікія, блакітныя.

Церцюха для Дамавухі, ці як зрабіць сябрам Дамавіка

Баламуцень крадзе ў рыбакоў улоў і асабістыя рэчы, баламуціць ваду, распуджвае рыбу, круціць лодкі ў вірах. Выратавацца ад яго можна, падзяліўшыся ежай або ўловам – тады незласлівы дух адчэпіцца.

Баяцца яго варта толькі маладым прыгожым жанчынам, бо вельмі ён да іх ахвочы і кожны год шукае сябе новую "нявесту". Але, кажуць, нацешыўшыся, дзяўчыну ён адпускае дадому, а ў падарунак надзяляе яе магічным дарам: улюбёніца Баламутня ніколі не зможа патануць, нават калі пойдзе тапіцца.

Парада стыліста: Баламуцень – цалкам мужчынскі вобраз. Яго адметнай рысай з'яўляюцца доўгія зялёныя валасы, таму варта набыць парык і накладныя пасмы, каб не прыйшлося фарбаваць бараду і галаву зялёнкай. Парада хутчэй датычыцца паводзінаў: гэты вобраз падыдзе таму, хто хоча пазнаёміцца з дзяўчынай. Размову лёгка пачаць з прапановы зрабіць яе непатапляльнай.

Дачкі Вужынага Цара

Вужалкі, або Змяёўны – дачкі вядомага па творах Баршчэўскага і народных паданнях дачкі Вужынага Цара. Вужалкі могуць паўставаць як у чалавечым, так і ў змяіным абліччы, прычым пазнаць іх вельмі проста: дачкі цара любяць залатыя завушніцы, і калі ператвараюцца ў вужоў, у іх застаюцца жоўтыя плямачкі па абодвух баках галавы. 

Вужалка і Баламуцень: якім беларускім нячысцікам можна апрануцца на Хэлоўін

У чалавечым абліччы Вужалкі часта апісваюцца як вельмі прыгожыя, зграбныя дзяўчыны з доўгімі валасамі, але замест ног у іх – змяіны хвост. Нягледзячы на гэты факт, шматлікія хлопцы марылі аб тым, каб сустрэць Вужалку, таму што лічылася: таму, хто спадабаецца ёй, яна адкрое, дзе ляжыць скарб.

Пакрыўдзіць нечым Вужалку – значыць, здабыць праклён на сябе і ўвесь свой род.

Парада стыліста: Гэты вобраз падыдзе дзяўчынам, якія любяць упрыгажэнні: смела чапляйце на сябе ўсё, што знойдзеце дома, можна яшчэ і ў сябровак пазычыць. Галоўнае, каб упрыгожанні былі ў адзінай колеравай гаме – лепш залатой - і падыходзілі адно да аднаго. "Змяіны хвост" выдатна сымітуюць легінсы з прынтам лускі, і не забудзьцеся распусціць валасы.

Жахлівая нявеста

Белая Баба – персанаж, які вельмі нагадвае папулярны ў заходняй культуры вобраз мёртвай нявесты. Завецца яна так таму, што з галавы да ног апранутая ў белае, а на галаве мае вэлюм, нібы сапраўды сабралася пад вянец. Фігурай яна нагадвае маладую дзяўчыну, але пад вэлюмам хавае твар старухі.

Уначы яна знянацку з'яўляецца перад людзьмі і пужае іх сваім страшэнным тварам. У народзе верылі, што той, хто ўбачыць гэты прывід, заручыцца са Смерцю – хутка памрэ.

Парада стыліста: Пераапрануцца ў Белую Бабу можа дзяўчына, якая не пабаіцца зрабіць "узроставы" грым. Эфекта маршчын можна дасягнуць з дапамогай сіліконы і зацямніць складкі ценямі. Не забудцеся пра вэлюм – галоўны атрыбут прывіда.

Пажадлівы пярэварацень

Зазоўка з'яўляецца ў выглядзе прыгожай жанчыны з доўгімі валасамі, якія, нібы плашч, ахутваюць яе прывабную постаць. У яе меладычны і пяшчотны голас, таму, калі Зазоўка заспявае, мінак можа заслухацца і, нават не бачачы яе, закахацца.

Лічыць Зазоўку злой ці не – складанае пытанне, таму што ніякай шкоды яна сама не робіць – наадварот, заманіўшы ў гушчар мужчыну, кахае яго, як ніякая зямная жанчына не змагла бы. Але не ўсякі вытрымлівае такой ласкі. Сваіх новых сяброў Зазоўка не ўтрымлівае, але калі мужчына вяртаецца дадому, звычайна ён ужо не можа забыцца на яе – так прыгожая чараўніца западае ў сэрца. Але двойчы Зазоўка нікога не прымае, таму шмат хто, не вытрымаўшы яе адмовы, ладзіць у лесе пятлю.

Вужалка і Баламуцень: якім беларускім нячысцікам можна апрануцца на Хэлоўін

Лічыцца, што Зазоўка можа ператварацца ў лебедзя, нібыта так яна праводзіць зіму на возеры, якое не пакрываецца льдом, або ляціць з іншымі лебядзямі ў вырай (і там, напэўна, узгадваецца ў мясцовых легендах як суккуб).

Парада стыліста: Міфалогія сцвярджае, што Зазоўцы ўвогуле непатрэбнае адзенне, таму што ў яе доўгія і прыгожыя валасы. Але ў кастрычніку ўжо занадта халодна для таго, каб распранацца, таму падыдзе сукенка даўжынёю ў падлогу, а таксама накладныя пасмы або, зноў жа, парык. Упрыгожце вопратку і валасы пер'ем, каб вас не прынялі за Рапунцэль.

Белы крумкач

Працягваючы тэму птушак, можна ўзгадаць Крыжаціка. Гэта дух, які жыве на могілках, а з'явіцца ён там можа, калі крыж памерлага быў неяк пашкоджаны да памінак, якія рабілі на саракавы дзень пасля яго смерці.

Крыжацік сочыць за парадкам на могілках, вельмі не любіць грэшных і п'яных – на іх можа наляцець і нават паваліць у падрыхтаваную для пахавання яму. Прычым не баіцца ні крыжа, ні святой вады, ні малітвы, то бок увогуле не з'яўляецца злым духам.

Вужалка і Баламуцень: якім беларускім нячысцікам можна апрануцца на Хэлоўін

Крыжацік можа з'явіцца ў выглядзе сівога крумкача з чалавечымі вачамі, які звычайна сядзіць на крыжы і сочыць за наведвальнікамі могілак.

Парада стыліста: Апрануцца Крыжацікам можа як дзяўчына, так і хлопец. Каб стаць падобным да могілкавай птушкі, можна нарэзаць белую тканіну або паперу і прычапіць да рукавоў, каб атрымалася пер'е птушкі. Не лішняй будзе і маска – доўгая воранава дзюба.

Мёртвы стораж

Яшчэ адна істота, якая жыве на могілках – Чаргавы. Так называлі апошняга пакойніка, якога пахавалі на могілках. Лічылася, што яго дух сцеражэ пехаванне і абараняе вёску ад смерці.

Калі ж чарговае пахаванне здаралася вельмі хутка пасля апошняй смерці, гаворылі, што Чаргавы ляніўся і дрэнна пільнаваў. Лічылася, што Чаргавы таксама назірае, хто наведвае могілкі і прыбірае на іх – а калі чалавек занядбаў памяць сваіх продкаў, самому яму на тым свеце будзе дрэнна.

Убачыць Чаргавога жывыя не маглі, аднак былі ўпэўненыя, што ў руках ён трымае кій, як і сапраўдны стораж.

Парада стыліста: Чаргавы, па сутнасці, - той жа чалавек, якім быў пры жыцці. Не варта блытаць яго з зомбі або прывідам, таму адпаведны грым тут не падыдзе. Трэба ўспомніць, што хаваюць чалавека звычайна ў лепшым яго адзенні, таму падыдзе шыкоўны строй і крыху грыму, каб выглядаць трохі інфернальна. І, зразумела, кій, каб абараняцца ад шкоднікаў, або калатушка стоража таксама будуць дарэчы.