Для тых, хто замест шумнай тусоўкі на Хэлоўін вырашыў абраць дамашнюю вечарыну з камп’ютарам, Sputnik падрыхтаваў падборку замежных фільмаў жахаў і трылераў на беларускай мове.
"Плецены чалавек"
Падзеі адбываюцца на выспе Самэрзайл, куды паліцэйскі Эдуард Мэйлус прыязджае шукаць зніклую дачку сваёй былой нявесты.
Ён сустракае на сваім шляху шмат перашкодаў і таямнічых загадак. Містыкі дадае і той факт, то жыхары выспы – мясцовае племя – рыхтуюцца да паганскага свята Дзень Смерці ды Уваскрашэння.
Фільм – выдатная магчымасць паслухаць, як неверагодны Нікалас Кейдж размаўляе па-беларуску, хаця б у пераагучцы.
"Заклён"
Фільм заснаваны на рэальнай справе даследчыкаў Уорэнаў. Гісторыя 1971 года распавядае пра сужэнцаў Кэралін і Роджара, які пераязджаюць у паўразбураную вясковую хату ў Род-Айлэндзе. Пасля некалькіх жахлівых падзей у гэтае месца прыязджаюць паранармальныя следчыя, якія знаходзяць цэлы раён, багаты на сатанінскіх духаў.
Паглядзець па-сапраўднаму страшны фільм з элементамі гумару можна ў агучцы Грыні Заслаўскага, Алесі Скідан, Арцёма Мельніка, Дар’і Мілеевай, Мар’яны Вітэра і Мікалая Цімафеева.
"Апошняе маўчанне"
Нямецкі трылер з элементамі драмы ад рэжысёра Барана Бо Одара спачатку адпраўляе гледача ў спякотны летні дзень, за 23 гады да асноўнага дзеяння стужкі. На полі знаходзяць забітую дзяўчынку Пію, а праз шмат гадоў на гэтым жа месцы знікае яшчэ адна прыгажуня. Разабрацца з таямнічымі знікненнямі падлеткаў спрабуюць адстаўны следчы і яго малады калега.
"Цік-так"
Амерыканская закручаная кінагісторыя распавядае пра хітрую дзяўчыну Рэйчал. Яна, як гэта часта бывае, выходзіць замуж за мужчыну сталага веку і хоча паскорыць мужаву смерць. Непрадказальны фільм трымае гледача ў напружанні і палохае, бо ахвяры нечакана становяцца забойцамі, а цела нябожчыка ўвогуле знікае. Выдатны выбар для тых, хто хоча паказытаць нервы.
"Імперыя ваўкоў"
Абмінуць увагай фільм з Жанам Рэно ў галоўнай ролі ніяк нельга. Літаратурнай асновай стужкі з’яўляецца раман Жана-Крыстофа Гранжэ. Малады паліцэскі Поль шукае забойцу дзяўчат у турэцкім квартале Парыжа. Высвятляецца, што ўсё не так проста і ў аснове крымінальных падзей – псіхіятрычны эксперымент, ахвярай якога становіцца маладая жанчына Ганна, з якой злачынцы хочуць зрабіць зусім новую асобу.
Чытайце таксама: