Нашы продкі называлі журавіны чырвоным золатам, бо ведалі пра карысныя якасці гэтых ягад. Існавала некалькі назваў – журавіна, жураўліха і жураўліна.
Навуковая ж назва гэтай расліны - "оксікокус", што з грэчаскай мовы перакладаецца як "кіслы шарык". Больш распаўсюджаная чым "жураўліха" руская назва "клюква" - яна паходзіць ад слова "клюкать", якое ў старажытных славян азначала рухі птушак, якія збіраюць ягаду.
Лічыцца, што беларуская назва "журавіны", абумоўлена тым, што на балотах, дзе расце гэта ягада, гняздуюцца журавы. Першыя еўрапейскія пасяленцы ў Амерыцы таксама звязвалі журавіны з гэтай птушкай і называлі іх "cranberry", што перакладаецца як "жураўліная ягада".
Не гледзячы на тое, што радзімай гэтага дробнага вечназялёнага паўхмызняка лічыцца Паўночнае паўшар'е, у Беларусі ягада сустракаецца паўсюдна на імшарах, у забалочаных імшыстых хвойніках, буйных масівах верхавых балот.
Пажыўныя і лекавыя ўласцівасці журавін, асабліва іх соку, вызначаюцца наяўнасцю арганічных кіслот, цукраў, пекцінавых, дубільных і фарбавальных рэчываў, мінеральных салей, мікраэлементаў і вітаміну С.
Журавінны морс і сіроп п’юць пры паніжанай колькасці вітамінаў у ежы вясной і восенню ці пасля цяжкіх захворванняў, аперацый, траўм, рэкамендуюць і пры розных запаленчых працэсах. Сокам прамывалі раны, язвы, лячылі кашаль, паніжалі тэмпературу. Ягады разам з мёдам выкарыстоўваюць пры прастудных захворваннях, рэўматызме, ангіне. Пры сасудзістых спазмах і ў пачатковай стадыі гіпертанічнай хваробы як лячэбны і прафілактычны сродак выкарыстоўваюць журавінавы сок у камбінацыі з бурачным.
Як і калі збіралі журавіны
Некаторыя аматары журавінаў адпраўляюцца на балоты ўжо на пачатку верасня, але тады ягады зелянаватыя і цвёрдыя. Самы лепшы час для збору – менавіта напрыканцы кастрычніка - на пачатку лістапада. Збіраць журавіны можна і ўвесну, але такія ягады амаль цалкам пазбаўлены вітамінаў, губляюць частку сваіх лекавых якасцяў, хаця па смаку яны лепшыя за восеньскія, таму што ўтрымліваюць больш цукру.
Што ж тычыцца тэрміну захоўвання восеньскага збору ў свежым выглядзе, то ён, дзякуючы ўтрыманню бензойнай кіслаты, дасягае двух гадоў. Звычайна да новага ўраджаю журавіны захоўвалі ў халодных пакоях пры тэмпературы 4-5 градусаў у плеценых кашах або ў драўляных бочках з кіпячонай вадой, якую падлівалі па меры яе выпарэння.
Збіраць журавіны ў балоце справа не лёгкая. На Століншчыне жанчыны адпраўляліся на балота вялікімі групамі і збіралі журавіны ў плоскія лубяныя кашы-каробкі. Назбіраўшы поўны кош, ягаду высыпалі ў вялікую хустку, якую звязвалі рагамі паміж сабой так, каб утварыўся заплечнік. У выніку жанчына мусіла насіць на сабе вялікі цяжар. Па ўспамінах старых паляшучак, у сезон на балота адпраўляліся ўсе, хто мог, каб выручыць за сабранае "чырвонае золата" як мага болей грошай, якіх сям’і хапала на доўгі час. Бывалі выпадкі, калі ў балоце нараджаліся дзеці і жанчына ў фартуху несла дадому немаўля, не кідаючы пры гэтым сабраныя журавіны.
Як прыгатаваць журавінавы сок
У хатніх умовах хворым даюць журавінавы сок, разведзены вадой. Прыгатаваць яго не цяжка: ягады здрабняюць драўляным таўкачыкам у ступцы і выціскаюць сок, адціснутыя жамерынызноў змешваюць з вадой і яшчэ раз выціскаюць. Затым сок фільтруюць праз марлю, награюць у эмаліраваным посудзе да кіпення і адразу расфасоўваюць.
Журавінавы сок у роўных частках можна змешваць з бураковым і ужываць напой, які атрымаецца, пры цукровым дыябеце, гіпертаніі і атэрасклерозе. Лекавы напой атрымаецца таксама, калі змяшаць журавінавы сок з бульбяным і маркоўным.
Трэба памятаць, што журавіны супрацьпаказаны пры язвавай хваробе страўніка і дванаццаціперснай кішкі, пры гастрытах з павышанай сакрэцыяй. Карыстаючыся рэцэптамі народнай медыцыны, варта заўсёды параіцца з вашым урачом.