Каля тысячы чалавек наведалі Маёнтак беларускага Дзеда Мароза ў Нацыянальным парку Белавежская пушча. Тут праходзілі традыцыйныя провады Снягуркі на Паўднёвы полюс.
Гасцей на тэрыторыі казачнай рэзідэнцыі чакалі Снягурка і Дзед Мароз. Дадалі радасці гасцям артысты брэсцкага тэатра жывых скульптур "Куфэрак", апранутыя ў касцюмы Феі, Славянкі і іншых казачных персанажаў. Літаральна ў варотах рэзідэнцыі сустракала гасцей Каргота - злая чараўніца і сваячка Бабы Ягі.
Турысты пачаставаліся традыцыйнай кашай, стравамі з дзічыны, блінамі, травяной гарбатай, варэннем і мёдам. Прапаноўвалася тут і свежая юшка, знакамітая белавежская самагонка, прыгатаваная ў пушчанскай вёсцы Перароў.
У канцы свята праводзілі Снягурку: конная падвода забрала яе на сімвалічны Паўднёвы полюс.
Маёнтак беларускага Дзеда Мароза і далей будзе прымаць гасцей разам з памочнікамі гаспадара рэзідэнцыі, але ўжо без Снягуркі.
Глядзіце таксама:
- Каляды ў Лунінецкім раёне: як на Раство шанавалі традыцыі ў вёсцы Дубоўка
- У парку пасялілася казка. Дзе знайсці Дзеда Мароза ў Мінску?
- Рэзідэнцыя Дзеда Мароза ў сафары-парку сустрэла першых наведвальнікаў - фота