МІНСК, 19 сак – Sputnik. Паўнамоцтвы па блакіраванні фэйкавай інфармацыі нададуць новым ведамствам. Пра гэта распавёў кіраўнік Міністэрства інфармацыі Беларусі Ігар Луцкі.
Раней рашэннем па блакіраванні інтэрнэт-рэсурсаў у Беларусі займаўся выключна Мінінфарм. Цяпер функцыяй па забароне і закрыцці некаторых рэсурсаў таксама змогуць надзяліць Генеральную пракуратуру і міжведамасную камісію па інфармацыйнай бяспецы пры Савеце бяспекі Беларусі.
"Цяпер дадзеныя змяненні дазволяць нам аператыўна змагацца з фэйкавай і забароненай інфармацыяй, не зацягваць розныя судовыя пасяджэнні на працяглыя перыяды", - цытуе Луцкага БелТА.
Па словах Ігара Луцкага, гэта адно са змяненняў у Законе аб СМІ. Міністр лічыць, што дзеючых на сённяшні дзень механізмаў недастаткова, а працэдуры па блакіраванні недакладнай інфармацыі зацягнутыя.
"Вельмі часта пад выглядам дакладнай інфармацыі распаўсюджваецца недакладная. Нядбайныя журналісты і сродкі масавай інфармацыі падаюць гэта як звычайны зман. На самай справе гэта мэтанакіраваная інфармацыйная вайна супраць дзяржавы", - адзначыў ён.
Адказнасць зробяць больш жорсткай
У чацвер на нарадзе ў прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі абмяркоўвалася ўзмацненне жорсткасці пакаранняў за распаўсюджванне фэйкаў.
У заканадаўстве Беларусі з'явіцца дадатковая адказнасць для аўтараў недакладнай інфармацыі, якая распаўсюджваецца, заявіў намеснік дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Беларусі Аляксандр Рахманаў.
"(...) у нацыянальным заканадаўстве з'явіцца дадатковая адказнасць для тых людзей, якія займаюцца распаўсюджваннем ілжывай, непраўдзівай інфармацыі, тым больш выдаюць яе ў якасці сапраўднай, праверанай і дакладнай", - сказаў ён.
Рахманаў удакладніў, што гаворка ідзе пра фэйкі ў розных сферах. "Гэта і развіццё краіны, і ваенна-тэхнічны стан, стан рызык і выклікаў для нацыянальнай бяспекі. Гэта і стан спраў у галіне аховы здароўя і гэтак далей", - растлумачыў ён.
Чытайце таксама:
- Асацыяцыю па недапушчэнні негатыўнага кантэнту стварылі ў Беларусі
- Навукоўцы распавялі, як адрозніваць фэйкі аб каронавірусе ад праўды
- Лукашэнка: эпоха фэйк-ньюс разбурае класічныя прынцыпы журналістыкі