МІНСК, 29 сак – Sputnik. Дакументы ў Міністэрства юстыцыі Беларусі для таго, каб зарэгістраваць палітычную партыю "Саюз", будуць пададзены 2 красавіка, паведаміў старшыня партыі Сяргей Лушч.
"Другога красавіка падаём, у Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі. У нас усё гатова для падачы ў міністэрства юстыцыі", - цытуе РІА Навіны Лушча.
Старшыня партыі "Саюз" заяўляў пра намер яе стварыць у рэспубліцы яшчэ ў мінулым годзе. Лушч распавядаў, што адміністрацыя прэзідэнта Беларусі ў курсе гэтых планаў.
Плануецца, што "Саюз" будзе садзейнічаць развіццю беларуска-расійскага супрацоўніцтва. Адной са сваіх галоўных задач рух бачыць дапамогу ўладам Беларусі і Расіі ў стварэнні Саюзнай дзяржавы, а таксама збліжэнне правоў грамадзян дзвюх краін.
Устаноўчы з'езд палітычнай партыі "Саюз" адбыўся ў пачатку сакавіка ў Мінску, старшынёй партыі быў абраны Сяргей Лушч, а таксама прыняты шэраг арганізацыйных рашэнняў. У выпадку рэгістрацыі, прадстаўнікі "Саюза" збіраюцца прыняць актыўны ўдзел у выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў ў 2022 годзе. А следам пазмагацца і заняць месцы ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага схода Беларусі.
Пасля Усебеларускага народнага схода ў Беларусі запушчаны працэс перарэгістрацыі палітычных партый. Усяго іх налічваецца 15.
Дзень яднання
Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі адзначаецца штогод 2 красавіка. Свята з'явілася дзякуючы таму, што менавіта ў гэты дзень у 1996 годзе прэзідэнты Беларусі (Аляксандр Лукашэнка) і Расіі (Барыс Ельцын) падпісалі дамову аб утварэнні супольнасці дзвюх краін.
Роўна праз год, 2 красавіка 1997 года, быў падпісаны Дагавор аб Саюзе Беларусі і Расіі. У канцы снежня 1998 года краіны падпісалі Дэкларацыю аб далейшым яднанні Беларусі і Расіі, Дагавор аб роўных правах грамадзян, Пагадненне аб стварэнні роўных умоў суб'ектам гаспадарання і Пратакол да яго.
Тады прэзідэнты заявілі аб рашучасці працягнуць паэтапны рух да добраахвотнага аб'яднання ў Саюзную дзяржаву пры захаванні нацыянальнага суверэнітэту дзяржаў - удзельніц Саюза.
Неўзабаве, 8 снежня 1999 года, быў падпісаны Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы і Праграма дзеянняў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі па рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы.
Чытайце таксама:
- Партыя прыхільнікаў інтэграцыі з РФ можа з'явіцца ў Беларусі ў гэтым годзе
- "Белая Русь" плануе стаць Партыяй народнага адзінства
- Прэзідэнт: ад звязка Беларусь-Расія залежыць, будзе ў рэгіёне мір ці вайна