Эксперты распавялі, што чакае эканоміку Беларусі ў будучым

Спецыялісты прааналізавалі эканамічную сітуацыю, якая склалася ў краінах-удзельніцах Еўразійскага банка развіцця, і склалі макраэканамічны прагноз аб магчымасцях, умовах і тэрмінах выхаду з крызісу. Што чакае Беларусь?
Sputnik

ВУП Беларусі за 2021 год павялічыцца ўсяго на 0,1%, такі прагноз далі эканамісты ЕАБР. Пры гэтым аднаўленчы рост эканомік краін ЕАЭС чакаецца на ўзроўні 3,3% нават ва ўмовах рызыкоўнага сцэнарыя, падкрэсліваюць эксперты. Чаму ў Беларусі такі слабы рост?

Старэйшы аналітык Цэнтра краінавага аналізу ЕАБР Анатоль Харытончык падкрэслівае: эканамічная актыўнасць у Беларусі ў бягучым годзе застанецца на ўзроўні ніжэй дакрызіснага на фоне нізкай інвестыцыйнай актыўнасці і слабага спажывецкага попыту. Чакаецца запаволенне росту даходаў насельніцтва і ўзмацненне жорсткасці ўмоў крэдытавання.

"Эканамічную актыўнасць працягнуць абмяжоўваць высокая нявызначанасць, скарачэнне крэдытавання прыватнага сектара, складаная эпідэміялагічная сітуацыя ўнутры краіны і за мяжой", - адзначыў Харытончык падчас анлайн-прэзентацыі даклада Еўразійскага банка развіцця.

Паводле яго слоў, падтрымку эканоміцы Беларусі сёлета акажа аднаўленне дзелавой актыўнасці ў краінах - гандлёвых партнёрах, а таксама паступовае паслабленне санітарных абмежаванняў па меры нармалізацыі эпідэміялагічнага становішча.

У 2022-2023 гадах ЕАБР прагназуе большы рост ВУП Беларусі - у сярэднім на 1,1% у год.

Інфляцыя - спачатку рост, затым запаволенне

Эксперт нагадаў, што інфляцыя ў Беларусі ў пачатку 2021-га працягнула паскарацца і дасягнула па выніках лютага 8,7%.

"Захоўваюцца высокія тэмпы росту кошту харчавання з-за росту сусветных цэн і нізкага ўраджаю агародніны ў Беларусі", - растлумачыў ён.

Анатоль Харытончык падкрэсліў, што інфляцыя ў харчовым сегменце, верагодна, застанецца павышанай да пачатку збору новага ўраджаю. На паскарэнне росту спажывецкіх цэн, паводле яго слоў, моцна паўплывала падаражэнне медыкаментаў у студзені і лютым гэтага года. Закрытыя межы і высокія санітарныя патрабаванні ўскладняюць ланцужкі паставак.

У сакавіку ЕАБР прагназуе захаванне інфляцыі вышэй за 8%, аднак да канца 2021-га яна замарудзіцца да 6,6%. Гэтыя паказчыкі - усё яшчэ вышэй мэты Нацбанка (не больш за 5%). Пяціпрацэнтная інфляцыя прагназуецца да канца 2022-га - пачатку 2023-га гадоў.

Сітуацыя з дзярждоўгам кіруемая

На думку галоўнага эканаміста Еўразійскага банка развіцця Яўгена Вінакурава, пытанне з дзярждоўгам суперактуальна для ўсіх краін-удзельніц банка. І калі, напрыклад, Казахстан і Расія не моцна нарасцілі дзярждоўг і сітуацыя не абцяжарвае дзяржбюджэты, то ў Беларусі, Кыргызстане, Арменіі і Таджыкістане дзярждоўг за апошні год вырас істотна.

Беларусь апынулася самым буйным суверэнным даўжніком Расіі

"Мы старанна сочым за станам дзярждоўгу ў краінах-удзельніцах ЕАБР, у нас ёсць спецыяльны мадэльны апарат. Пакуль глебы для алармізма няма, сітуацыя з дзярждоўгам кіруемая і не выклікае занепакоенасці", - ацэньвае становішча Вінакураў.

Паводле яго слоў, фінансавыя патрэбы па абслугоўванні дзярждоўгу ў гэтых краінах выраслі, у сувязі з гэтым трэба закласці больш сродкаў у дзяржаўныя бюджэты.

Дзяржаўны доўг Беларусі на 1 сакавіка склаў 59,5 мільярда рублёў і павялічыўся ў параўнанні з пачаткам 2021 года на 1,7 мільярда рублёў, або на 2,9%, паведаміла ў сераду прэс-служба Мінфіна Беларусі.

Што будзе з беларускім рублём

За мінулы год нацыянальная валюта знізілася да долара на 0,5%, да расійскага рубля - на 1,9%. Умацавалася толькі да еўра - на 2,5%. Зніжэнне кошту беларускага рубля эксперты звязваюць з захаваннем попыту на замежныя валюты на ўнутраным рынку. Па ацэнцы ЕАБР, курс рубля да долара прагназуецца на ўзроўні 2,63 у сярэднім за 2021 год. Гэта цалкам тлумачыцца дэвальвацыйнымі чаканнямі і паскарэннем інфляцыйных працэсаў.

Дарэчы, доля нацыянальных валют у разліках ва ўзаемным гандлі паміж краінамі ЕАЭС складае 74%.

Жорсткія крэдытныя ўмовы

Роўмінг у ЕАЭС плануюць адмяніць да 2025 года
Эксперты ЕАБР чакаюць захавання дастаткова жорсткіх крэдытных умоў, якія зараз назіраюцца ў эканоміцы Беларусі. Па словах Харытончыка, Нацыянальны банк працягне кантраляваць грашовае прапанаванне і прымяняць прудэнцыйныя меры, якія абмяжоўваюць магчымасці банкаў па нарошчванню рынкавага рублёвага крэдытавання.

Магчыма, да другой паловы года, паводле прагнозу спецыяліста, пры захаванні стабільнасці на ўнутраным валютным рынку нармалізуюцца манетарныя ўмовы. Гэта прадугледжвае змяншэнне ставак па тэрміновых дэпазітах у беларускіх рублях бліжэй да 10% і пашырэнне доступу прыватнага сектара да рынкавага крэдытавання.

Што чакае іншыя краіны ЕАЭС?

У цэлым эканамісты ЕАБР падкрэсліваюць: сусветная эканоміка знаходзіцца на траекторыі аднаўлення.

ЕЭК дазволіла Мінску падоўжыць рэгуляванне цэн на сацыяльныя тавары
"Мы чакаем вялікі рост эканомік рэгіёна (ЕЭАС - Sputnik), так звычайна бывае пасля крызіснага года. Па сусветным ВУП нашы здагадкі - 5,7% у 2021 годзе, эканоміка краін ЕАБР - 3,3%", - канстатуюць эканамісты банка.

І тлумачаць: нават ва ўмовах негатыўнага раскладу, пры любым развіцці падзей рост эканомік рэгіёна будзе аднаўленчы як у кароткатэрміновай, так і ў доўгатэрміновай перспектыве.

Поўную версію анлайн-прэзентацыі глядзіце на Sputnik.

Чытайце таксама: