Буйны пажар пачаўся ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы недалёка ад заканадаўчай сталіцы дзяржавы Кейптаўн, у нядзелю агонь ахапіў кампус і бібліятэку Кейптаўнскага ўніверсітэта і вымусіў сотні студэнтаў эвакуіравацца.
У панядзелак агонь распаўсюдзіўся на кварталы Врэдэхук і Оран’езіхт, якія непасрэдна прымыкаюць да цэнтра горада, а таксама Чэлмсфорд.
Стрымаць наступленне пажару, які пачаўся на схілах знакамітай Сталовай гары, не ўдалося з-за ветру ўраганнай сілы. У барацьбе з полымем задзейнічаны больш за 300 пажарных, а таксама самалёты і верталёты, якія скідаюць ваду на агонь.
Мэрыя Кейптаўна паведаміла, што затрыманы падазраваны ў падпале, які мог прывесці да ўзнікнення пажару: мясцовыя жыхары бачылі, як трое мужчын палілі вогнішча на піку Д'ябла.
Горад-порт Кейптаўн размешчаны ля падножжа Сталовай гары, прызнанай адным з сямі новых цудаў прыроды. Яна ўнікальна сваёй платопадобнай вяршыняй і мае стромкія схілы, якія пакрыты вечназялёнымі лясамі і хмызнякамі. Флора і фауна схілаў знаходзіцца пад аховай, бо там сустракаюцца рэдкія віды, некаторыя з іх эндэмічныя.
Глядзіце таксама:
- Землятрус, паводка і вулканы: стыхія абрынулася на Інданезію
- Самыя разбуральныя прыродныя катастрофы 2020 года
- Пратэсты, выбары, кавід – галоўныя падзеі жудаснага 2020-га ў фотаздымках