Чысты чацвер, або Жыльнік — так называлі чацвер на Вербным тыдні. Для селяніна ён заўсёды быў звычайным працоўным днём, у які аралі і сеялі, даглядалі сад і двор, пачыналі выпякаць велікодныя булкі, фарбавалі яйкі.
Лічылася, што перадвелікодная Пятніца не падыходзіць для гаспадарчых клопататаў. А ў суботу ўжо трэба несці ўсё ў царкву асвячаць да Свята. У народзе казалі: "Чысты чацвер вулкі чысце, дваркі мяце, слядкі кладзе… к святому Вялічку". Але ў хаце не прыбіралі. На Свіслаччыне лічылі, што ў гэты дзень нельга мыць, бо "зальеш вочы Хрысту". Увогуле з гэтым днём у народзе існавала шмат павер’яў.
Народныя прыкметы і традыцыі
Абавязкова назіралі ў гэты дзень за надвор’ем: калі на Чысты чацвер яно было добрым, то і на Ушэсце будзе такое ж, дождж у той дзень абяцаў малако ў кароў. На Мсціслаўшчыне раніцай пралі леваю рукою "чацвярговыя ніткі". Палатно, сатканае з іх у іншы дзень, лічылася гаючым, і ім перавязвалі раны.
Цікавым быў звычай выстаўляць напярэдадні Чыстага чацвярга на двор кавалак хлеба і каліва солі, каб спрагназаваць непажаданыя маразы. Калі хлеб напрацягу ночы не замерзне, то яравыя не пацерпяць ад марозаў. Лічылася, што з’есці гэты хлеб пасля лазні вельмі карысна для здароўя.
У Чысты чацвер нікому нічога не пазычалі, асабліва агонь, падазраючы, што той, хто просіць, прыйшоў са злымі намерамі.
Свечка, з якой стаялі ў гэты дзень у царкве падчас набажэнства, называлася "страснай". Яе захоўвалі напрацягу года і запальвалі падчас моцнай навальніцы, абкурвалі людзей і жывёлу пры хваробах, а таксама пчол, перасцерагаючы іх ад нападзення чужых пчол.
Цікава, што на Вербным, Страсным (Белым) тыдні Чыстым лічыцца не толькі чацвер, але і панядзелак з аўторкам. На Случчыне сцвярджалі: "У Чысты панядзелак і аўторак не можна ў хаце трымаць чаго небудзь нечыстаго, бо на людзей і на говядо нападуць паршы".
Але большасці вядомы звычаі, звязаныя з чацвяргом і звязанай з ім традыцыяй "мыць грэшныя плоці".
У народзе казалі, што ў Чысты чацвер нават воран "купае сваіх дзяцей". Да гэтага дня на перадвелікодным тыдні ставіліся з вялікай адказнасцю. Да яго рыхтаваліся загадзя, паколі памыцца трэба было паспець да ўсходу сонца.
Ужо ў сераду з вечара гаспадыні нарыхтоўвалі чыстую бялізну для ўсіх членаў сям’і, ільняныя ручнікі і прасціны, прыбіралі ў лазні, мылі ночвы і іншае начынне, рыхтавалі новыя мачалкі, венікі і мыючыя сродкі. У залежнасці ад колькасці членаў сям’і прачыналіся так рана, каб паспець памыцца кожнаму да першых промняў сонца. Залазячы на палок, прыгаворвалі: "Хрышчоны на палок, нехрышчоны з палка". Гэта было звязана з перакананнем, што ў лазні пад палком жыве дух або гаспадар лазні Лазнік. Ён лічыўся самым злосным сярод іншых сядзібных нячысцікаў. Выходзячы з лазні, на палку пакідалі вядро з вадой і венік для "хазяіна" і, перахрысціўшыся, шапталі: "Табе баня на стаянне, а нам на здароў’е".
Як зрабіць "чацвярговую соль"
У Чысты чацвер у печы запякалі "чацвярговую соль". Некаторыя лічылі яе магічным сродкам, але ўсё было значна прасцей. Чацвярговую, або "чорную" соль выкарыстоўвалі ў кулінарыі як спецыі, яна была цудоўным дадаткам да велікодных страў.
Гатавалі гэты ўнікальны прадукт адзін раз на год і каб хапіла на ўвесь год.
Соль буйнога памолу змешвалі з кваснай гушчай у вялікай патэльні. Квасную гушчу адцэджвалі з сусла любога соладавага квасу, чырвонага або белага. Гушчу і соль бралі ў аднолькавых прапорцыях. Сумесь ставілі ў духоўку або печ да запякання ў маналіт, а пасля таўклі ў ступе. На Вялікдзень ёю прыпраўлялі яйкі і мяса.