МІНСК, 9 чэр – Sputnik. Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей сустрэўся напярэдадні з кіраўнікамі дыпламатычных місій, якія працуюць у рэспубліцы. Пра гэта паведаміла прэс-служба прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі.
Прадстаўніцтва, а таксама дыпмісіі дзяржаў-членаў ЕС у Беларусі і пасольствы ЗША, Вялікабрытаніі, Швейцарыі, Японіі апублікавалі сумесны каментарый па выніках сустрэчы з кіраўніком беларускага ведамства.
"Кіраўнікі місій таксама выказалі чаканне, што беларускі бок дазволіць калегам з Літвы, Польшчы, Латвіі, Вялікабрытаніі і ЗША, якіх папрасілі пакінуць краіну, вярнуцца ў Беларусь", - гаворыцца ў заяве.
Кіраўнікі дыпмісій заклікалі афіцыйны Мінск устрымлівацца ад дзеянняў, якія перашкаджаюць дыпламатычным супольнасцям у Беларусі ў выкананні іх звычайных абавязкаў.
Крызіс у Беларусі
Дыпламаты ў сваім камэнтарыі адзначылі, што "крызіс у Беларусі нарастае", а таксама заклікалі ўлады краіны "вызваліць і рэабілітаваць усіх палітвязняў і несправядліва затрыманых". Кіраўнікі дыпмісій заявілі аб неабходнасці пачаць "інклюзіўны палітычны працэс, які вядзе да свабодных і справядлівых выбараў пад наглядам БДІПЧ АБСЕ".
Уладзімір Макей быў праінфармаваны аб патэнцыяле пазітыўнага развіцця двухбаковых адносін у выпадку, калі беларускія ўлады правядуць значныя крокі па забеспячэнні выканання дэмакратычных норм у краіне, адзначаецца ў каментарыі.
Акрамя таго, дыпламаты пацвердзілі, што замежныя ўрады па-ранейшаму гатовы аказваць падтрымку і спрыяць інклюзіўнаму нацыянальнаму дыялогу ў Беларусі.
Калі і чаму Мінск высылаў дыпламатаў?
У лістападзе мінулага года Беларусь абвясціла персонамі нон грата двух брытанскіх дыпламатаў "з прычыны дзейнасці, несумяшчальнай са статусам дыпламатычнага агента, са статусам дыпламата, а таксама з мэтамі знаходжання ў Рэспубліцы Беларусь".
Двум польскім консулам у Гродне было прапанавана пакінуць Беларусь у сакавіку. Польскаму консулу ў Брэсце Ежы Цімафеюку 9 сакавіка быў "заяўлены рашучы пратэст" у сувязі з яго ўдзелам у неафіцыйным мерапрыемстве, прысвечаным "дню праклятых салдат". У адказ на гэта Польшча заявіла аб высылцы беларускага дыпламата, пасля чаго Мінск прапанаваў яшчэ аднаму польскаму консулу - на гэты раз у Гродне - пакінуць рэспубліку.
У мінулым месяцы беларускі МЗС паведаміў пра высылку пасла Латвіі і ўсіх супрацоўнікаў пасольства "у сувязі з абразай дзяржсцяга Беларусі ў Рыге".
Пасля таго, як МЗС Літвы прыняў рашэнне пра высылку двух "афіцэраў разведкі, якія працавалі пад дыпламатычным прыкрыццём", афіцыйны Мінск зрабіў люстраны адказ: два супрацоўнікі пасольства Літвы ў Беларусі 28 траўня былі абвешчаны персонамі нон грата.
3 чэрвеня ў беларускае знешнепалітычнае ведамства выклікалі Часовага паверанага ў справах ЗША у Беларусі, якому было абвешчана аб адказных мерах на эканамічныя санкцыі Штатаў, адноўленыя з 3 чэрвеня супраць дзевяці дзяржпрадпрыемстваў Беларусі. Першапачаткова абмежаванні ўвялі ў 2007 годзе, пасля чаго Беларусь і ЗША адклікалі сваіх паслоў і больш за 10 гадоў абедзве краіны былі без кіраўнікоў пасольстваў. Толькі ў мінулым годзе краіны дамовіліся вярнуць паслоў, але пакуль гэтага так і не адбылося.
Чытайце таксама: