МІНСК, 10 чэр - Sputnik. Галоўны трафей Кантынентальнай хакейнай лігі - Кубак Гагарына - прывезлі ў Мінск, перадае карэспандэнт Sputnik.
У чацвер Кубак ненадоўга быў выстаўлены на трох сталічных арэнах. З 10:00 і да 12:00 - на "Чыжоўка-Арэне", з 12:30 да 14:00 яго можна было ўбачыць на Крытым катку ў парку Горкага, а з 14:30 да 16:00 - у Палацы спорту.
Кубак ў Мінск прывёз беларускі форвард Андрэй Стась, які выступаў за "Авангард" у мінулым сезоне, калі омскі клуб упершыню ў гісторыі стаў чэмпіёнам. На трафеі з'явіліся імёны чатырох беларусаў - апроч Стася гэта абаронца Кірыл Гатавец, нападаючы Мікіта Камароў і асістэнт генеральнага мэнэджара Юрый Кузьмянкоў.
Мінскае "Дынама" і Кубак Гагарына
У мінулым сезоне "зубры" ў серыі да чатырох перамог у 1/8 фіналу Кубка Гагарына саступілі піцерскім "армейцам" з лікам 4:1. Такім чынам, "дынамаўцы", якія выйшлі ў плэй-оф турніру ўпершыню з сезона-2016/17 развіталіся з марамі аб трафеі.
Апошні раз кубак Гагарына наведваў беларускую сталіцу ў ліпені 2019-га года. Тады яго прывёз у Мінск выхаванец сталічнага хакейнага клуба "Юнацтва" Павел Карнавухаў, які выступаў за чэмпіёна сезона-2018/2019 маскоўскі ЦСКА.
Кубак выстаўлялі ў фае лядовай арэны, якая з'яўляецца хатняй пляцоўкай "Юнацтва", у парку Горкага. Сфатаграфавацца з галоўным трафеем КХЛ прыходзілі як юныя хакеісты, так і вопытныя заўзятары.
Да 2019-га Кубак Гагарына прывозілі ў Мінск у студзені 2016 года.
Чытайце таксама: