МІНСК, 21 чэр – Sputnik. Вусныя выступленні ўдзельнікаў судовага разбору і іх прадстаўнікоў па крымінальнай справе "Белгазпрамбанка" пачаліся ў панядзелак у зале суда Маскоўскага раёна. Пра гэта Sputnik паведамілі ў ВС.
Экс-кіраўніку "Белгазпрамбанка" Віктару Бабарыку інкрымінуецца "адмыванне" грошаў злачынным шляхам і сістэматычнае атрыманне хабараў. Максімальны тэрмін, які яму пагражае - 15 гадоў пазбаўлення волі.
Былы банкір склаў свае паўнамоцтвы ў сувязі з рашэннем балаціравацца на пасаду прэзідэнта, але кандыдатам ён зарэгістраваны не быў. Яго затрымалі ў чэрвені мінулага года. З тых часоў ён знаходзіцца пад вартай у СІЗА КДБ.
Па версіі абвінавачання, Бабарыка здзейсніў злачынства супраць інтарэсаў службы і ажыццяўлення парадку эканамічнай дзейнасці, стварыўшы злачынную групу з ліку службовых асоб "Белгазпрамбанка". Яны сістэматычна прымалі матэрыяльныя каштоўнасці, якія даваліся ім у сувязі з займаемым службовым становішчам, за спрыяльнае рашэнне пытанняў. У прыватнасці, гаворка ідзе аб прадастаўленні банкам крэдытаў розным суб'ектам гаспадарання.
Дадзеная група пад кіраўніцтвам Бабарыкі выводзіла сродкі за мяжу. Для "адмывання" грошаў ствараліся афшорныя кампаніі. Перавод сум незаконнага грашовага ўзнагароджання ажыццяўляўся ў выглядзе дывідэндаў на рахункі, падкантрольныя членам групы.
Па крымінальнай справе праходзіць восем фігурантаў. Сем з іх з лета мінулага года знаходзяцца ў СІЗА КДБ, адзін - пад хатнім арыштам з-за стану здароўя. Абвінавачаныя прызналі сваю віну ў поўным аб'ёме, за выключэннем Віктара Бабарыкі.
Дэбаты будуць працягвацца некалькі дзён. Чакаецца, што прадстаўнік дзяржабвінавачання запытае пакарання для фігурантаў справы.
Чытайце таксама: