На сцэну Вялікага тэатра Беларусі вяртаецца опера "Дзікае паляванне караля Стаха", дзе ажываюць страшныя і выдатныя легенды таямнічых балот Палесся...
Опера паводле аповесці Уладзіміра Караткевіча была створана ў 1989 годзе кампазітарам Уладзімірам Солтанам у сааўтарстве з музычным кіраўніком спектакля Яраславам Вашчаком і ўсёй пастановачнай групай. Прэм'ера і далейшыя паказы спектакля на роднай сцэне прайшлі пры поўных аншлагах. Опера двойчы была прадстаўлена на сцэне Вялікага тэатра Расіі і мела вялікі поспех у маскоўскай публікі.
Рэжысёр-пастаноўшчык Ганна Маторная для цяперашняга спектакля не ставіла мэту перасягнуць поспех першай пастаноўкі. Яна стварыла на сцэне Вялікага непаўторную атмасферу Беларусі з сумессю гатычнага рамана, містычнай, гістарычнай і рамантычнай драмы.
Дырыжор Андрэй Іваноў працуе з арыгінальнай партытурай твора. За мастацкае афармленне спектакля адказвае Андрэй Меранкоў. Апранала і галоўных персанажаў, і міфічных істот Таццяна Лісавенка.
Вучоны-фалькларыст Андрэй Беларэцкі заблукаў у лесе і трапіў у глухі куток Беларусі - маёнтак Балотныя Яліны. У старадаўнім замку маёнтка жыве маладая дваранка Надзея, апошняя з роду Яноўскіх. Дзяўчына змучана жахам нашэсця страшнай конніцы пад правадырствам караля Стаха. Паводле легенды, далёкі продак Надзеі, Раман Яноўскі, прывабіў яго на паляванне і вераломна забіў. Паміраючы, Стах пракляў Рамана і прадказаў сям'і забойцаў вечную помсту дзікага палявання. Надзея павінна быць яго апошняй ахвярай. Разблытаць загадкавую гісторыю бярэцца Беларэцкі.
Прэм'ера оперы Уладзіміра Солтана "Дзікае паляванне караля Стаха" праходзіць 11 і 12 ліпеня. Пастаноўка адкрые і 89-ы сезон у Вялікім - 8 і 9 верасня.
Чытайце таксама:
Вяртанне "Дзікага палявання караля Стаха"
Дзень нараджэння Караткевіча: 6 кніг, якія павінен прачытаць кожны