Зноў у пошуках вентылятараў: што крамы прапануюць у спякоту

Лета ў самым разгары, і, па прагнозах сіноптыкаў, высокая тэмпература застанецца - як ідуць справы з вентылятарамі ў крамах сталіцы, высвятляў Sputnik.
Sputnik
Чарговы працоўны тыдзень пачаўся ў Беларусі са спёкі за 30°С, ад якой не так ужо проста выратавацца. Каб хоць неяк палегчыць сваё знаходжанне дома або на працы ў выпадку, калі няма кандыцыянера, ёсць выйсце - купіць вентылятар. Але ці так проста гэта зрабіць?
Як аказалася некалькі тыдняў таму, у сталіцы цяжка знайсці вентылятары па бюджэтнай цане. Зараз мы даведаліся, ці змянілася сітуацыя.
У адной з найбуйнейшых сетак электратавараў Беларусі мы ўдакладнілі, ці ёсць у іх у наяўнасці вентылятары па бюджэтнай цане. На афіцыйным сайце прапануюць варыянты ад 109 беларускіх рублёў (амаль 43,5 долара). Цікава, што ў пачатку лета можна было знайсці мадэлі за 55 рублёў (каля 22 долараў).
Як аказалася, ёсць вентылятары "крыху танней" - але толькі ў крамах.

Купляй або цярпі

Адзін з кансультантаў буйной гандлёвай сеткі прапануе самы бюджэтны варыянт - 25 рублёў (каля 10 долараў). Праўда, ёсць нюанс - працуе такі вентылятар магутнасцю 2,5 вата ад USB.
Не верыць у выратаванне ад спёкі такім спосабам і суразмоўца Sputnik.
"Калі твар падставіць, то нармальна будзе. Але вы ж самі ўсё разумееце, не трэба сябе падманваць", - шматзначна дадае ён, прапаноўваючы "самую танную" падлогавую мадэль - 139 рублёў (больш за 55 долараў). Праўда, атрымаўшы адмову, кансультант знаходзіць варыянт за 99 рублёў (каля 40 долараў).
Сярод довадаў - "гэты магутны варыянт дакладна дапаможа перажыць спякоту". Акрамя таго, маецца магчымасць аформіць куплю па карце растэрміновак.
Суразмоўца агенцтва ўдакладняе, што цэны ад пачатку лета не мяняліся, проста бюджэтныя мадэлі раскупілі.

"У нас былі варыянты падлогавых вентылятараў за 55 рублёў, але іх раскупілі. Новых паступленняў бюджэтных версій можа ўжо і не быць", - адзначыў кансультант.

У большасці буйных анлайн-гіпермаркетаў бюджэтных вентылятараў таксама ў наяўнасці няма. Нам удалося адшукаць пару экзэмпляраў на адным з сайтаў, цэны там пачынаюцца ад 68 рублёў (больш за 27 долараў) за настольныя мадэлі, прытым выраб невялікі і мае толькі дзве хуткасці.
За падлогавыя вентылятары прыйдзецца выкласці больш за 100 рублёў (каля 41 долара) ці ж сядзець у душным памяшканні і спадзявацца на тое, што прыйдуць дажджы і прынясуць з сабой доўгачаканую прахалоду.

Што рабіць?

Пакуль варта сачыць за сайтамі буйных крам, а лепш - з'ездзіць і паглядзець вентылятары ўжывую. Верагоднасць, што годны варыянт атрымаецца знайсці на месцы, ёсць, хаця шанс і невялікі.
Дарэчы, сіноптыкі абяцаюць амаль увесь тыдзень дажджы, тым не менш, у беларускай сталіцы тэмпература паветра днём будзе месцамі даходзіць да 28 градусаў. Праўда, бліжэй да выхадных стане лягчэй.
Нагадаем, што пры спякоце варта быць максімальна асцярожнымі, піць шмат вады і карыстацца сонцаахоўным крэмам. У выпадку дрэннага самаадчування не саромейцеся тэлефанаваць на 103.
Чытайце таксама:
Зноў вышэй 30°С: тыдзень у Беларусі пачаўся са спёкі
Пакуль у нас спякота: у Афрыцы выпаў снег
Еўропу працягвае затапліваць: новая паводка адбылася ў Бельгіі