МІНСК, 2 жні – Sputnik. Павышэнне платы за навучанне ў беларускіх ВНУ цалкам абгрунтаванае, заявіў міністр адукацыі Ігар Карпенка.
Ён адзначыў, што павышэнне платы за навучанне падлічана і прапрацавана як у сістэме адукацыі, так і самімі навучальнымі ўстановамі.
"З 1 верасня плата за навучанне ў вышэйшых навучальных установах падымецца на 10%. Апошні раз павялічвалі кошт у сакавіку 2020 года", - сказаў міністр у эфіры тэлеканала АНТ.
Пры гэтым Карпенка звярнуў увагу, што з сакавіка мінулага года паднялася базавая стаўка, мінімальная заработная плата, павысіліся тарыфы на камунальныя паслугі.
"Таму павышэнне цалкам абгрунтаванае", - падкрэсліў кіраўнік мінадукацыі.
Аб уступнай кампаніі
Ігар Карпенка таксама распавёў, што на бюджэтнае навучанне ў вышэйшыя навучальныя ўстановы сёлета набяруць каля 29 тысяч абітурыентаў.
Залічэнне на бясплатнае завершыцца 5 жніўня, а на платнае - 11 жніўня.
"Агульны план прыёму ва ўстановы вышэйшай адукацыі складае каля 55 тыс чалавек, з якіх каля 29 тыс хлопцаў і дзяўчат набяруць на бюджэтнае навучанне", - расказаў міністр.
Ён таксама адзначыў, што пасля завяршэння набору ў ВНУ прымаць вучняў працягнуць ССНУ і ПТВ.
Аб падрыхтоўцы спецыялістаў
У эфіры тэлеканала Карпенка таксама распавёў, што міністэрства адукацыі сумесна з іншымі ведамствамі распрацоўвае спецыяльныя праграмы падрыхтоўкі кадраў.
Робіцца гэта з той мэтай, каб галіновыя міністэрствы з падведамаснымі прадпрыемствамі самі вызначалі стандарт будучага спецыяліста.
"Зыходзячы з гэтага, установы ствараюць навучальны план для падрыхтоўкі супрацоўнікаў з такімі ведамі і навыкамі, якія патрэбны", - адзначыў кіраўнік мінадукацыі.
Аб новых правілах паступлення ў ВНУ
Па словах Ігара Карпенкі, міністэрства адукацыі ў дадзены момант распрацоўвае новую рэдакцыю правіл прыёму ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.
Ужо ў жніўні яны будуць канкрэтызаваны, а пасля вынесены на грамадскае абмеркаванне.
"Але глабальных узрушэнняў не будзе", - заўважыў міністр.
Чытайце таксама:
Беларускія ВНУ падымаюць плату за навучанне
Прыёмная кампанія: якія конкурсы ў вядучых ВНУ Беларусі?
Вынікі ЦТ - 2021. Як не спазніцца з падачай дакументаў у ВНУ