Улады Літвы аднавілі будаўніцтва загароды з калючага дроту на мяжы, каб перашкодзіць спробам праходжання нелегалаў з беларускай тэрыторыі.
Падраздзяленні Міністэрства ўнутраных спраў арганізуюць закупку і дастаўку дроту і іншага абсталявання, а салдаты на чале з інжынерным батальёнам устанаўліваюць загароды.
Пагранслужба Літвы адзначае, што будаўніцтва плота - не аднадзённая праца і не "лекі" ад нелегальнай міграцыі, а частка любой комплекснай меры, якую неабходна рэалізаваць.
Работы па ўзвядзенні драцяной агароджы на літоўскай мяжы з Беларуссю ля горада Друскінінкай пачаліся 9 ліпеня. Тады прадстаўнік па сувязях з грамадскасцю Службы аховы дзяржмяжы Літвы Гедрус Мішуціс адзначыў, што ўчастак мяжы ля горада Друскінінкай з'яўляецца найбольш неспакойным - менавіта тут была затрымана найбольшая колькасць бежанцаў.
Паводле апошніх звестак, у Літве на мяжы з Беларуссю з пачатку года затрымалі больш за 4 тысячы нелегальных мігрантаў. У сувязі з гэтым 2 ліпеня ў краіне была абвешчана экстрэмальная сітуацыя.
Кіраўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Рустамас Любаевас 3 жніўня паведаміў, што літоўскія пагранічнікі спынілі пранікненне ў краіну 180 нелегальных мігрантаў з Беларусі, дадаўшы, што супрацоўнікі пагранслужбы скарысталіся магчымасцямі сілавога супраціўлення нелегалам.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка напярэдадні, падчас нарады па пытаннях сітуацыі ў пагранічнай зоне назваў літоўскія ўлады мярзотнікамі, адзначыўшы, што "яны прынялі закон страляць у мігрантаў, біць, душыць, цкаваць". Кіраўнік дзяржавы даручыў закрыць мяжу.
З улікам наяўнага становішча органы пагранічнай службы задзейнічалі ўсе неабходныя сілы і сродкі для прадухілення незаконнага перасячэння мяжы Беларусі. На працягу ўсяго ўчастка дзяржграніцы з Літвой выкарыстоўваюцца мабільныя тактычныя рэзервы пагранічных груп і атрадаў, дадаткова экіпіраваныя для вырашэння задач.
Чытайце таксама:
Не дапусціць правакацый: ДПК распавёў пра ўзмацненне аховы мяжы з Літвой
Беларускія пагранічнікі апублікавалі відэа з параненымі мігрантамі
ДПК: зафіксавалі спробу агрэсіўнага выправаджэння літоўцамі мігрантаў
ДПК пацвердзіў гібель мігранта на мяжы з Літвой
У Мінску спакойна паставіліся да будаўніцтва Літвой "калючага плота" на мяжы