МІНСК, 1 вер - Sputnik. Кіраўнік дзяржавы расказаў журналістам у час рабочай паездкі ў Бабруйск пра сваё бачанне саюзнай інтэграцыі з Расіяй.
Напярэдадні пасол Беларусі ў Маскве Уладзімір Сямашка заявіў, што дарожныя карты па развіцці і паглыбленні інтэграцыі могуць быць падпісаны 10 верасня ў ходзе савета міністраў Саюзнай дзяржавы ў беларускай сталіцы.
"Ніякай размовы пра страту суверэнітэту няма. Сёння мы настолькі адукаваныя і разумныя, што, не губляючы суверэнітэту ні Расіі, ні Беларусі, можам выбудаваць такія адносіны, якіх няма ні ў федэратыўных, ні ва ўнітарных дзяржавах", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.
Беларускі лідэр выказаў упэўненасць, што для развіцця цесных адносін не трэба зліцця дзяржаў.
"Не трэба ўключаць нікога. Трэба выбудоўваць адносіны як дзве сувэрэнныя дзяржавы", - сказаў ён.
Паводле яго слоў, у Беларусі і Расіі ўжо практычна адзіная армія, якая стаіць на заходнім кірунку і яе аснова - беларускія ўзброеныя сілы.
"Не дай бог вайна - беларуская армія ўступае ў гэтую бойку першай, і адразу ж падключаецца ўся заходняя частка Узброеных Сіл Расіі, і мы разам будуем абарону і супраціў свайму суперніку".
Ён нагадаў, што Беларусь і Расія ўжо выстраены як незалежныя дзяржавы, таму не трэба разбураць суверэнітэт краін.
Карты зацвердзіць Вышэйшы дзяржсавет
"Перш за ўсё хачу падкрэсліць (цяпер жа будуць вякаць, што здаем суверэнітэт і незалежнасць і гэтак далей): мы больш за тры гады таму яшчэ ў Сочы паставілі перад урадамі задачу - зрабіць чарговы крок у нашым саюзным будаўнiцтве. Неяк усё замылілася, не было яркіх прарыўных рухаў", - канстатаваў ён.
І дадаў, што тады яму разам з Пуціным прыйшлося зрабіць нейкія захады, каб адрэагаваць на тыя патрабаванні, што вылучалі народы дзвюх краін.
Лукашэнка нагадаў, што тады гэта вылілася ў распрацоўку 30 дарожных карт, якія закранаюць усе напрамкі саюзнай інтэграцыі. У далейшым яны "выліліся" ў саюзныя праграмы, якіх засталося 28.
"Гэта ўжо будуць падпісаныя дамовы да выканання. Не проста карты, па якіх нехта крочыць будзе", - пазначыў перспектывы Лукашэнка.
Пасля чаго заявіў, што падпісваць іх будуць на ўзроўні прэзідэнтаў на Вышэйшым дзяржаўным савеце Саюзнай дзяржавы, які адбудзецца ў кастрычніку або лістападзе бягучага года.
"Калі мы дамовімся канчаткова з прэзідэнтам Расіі 9-га, то 10-11-га (верасня - Sputnik) урады збяруцца, разгледзяць, прымуць гэтыя праграмы. А потым мы іх зацвердзім на Вышэйшым дзяржсавеце", - удакладніў беларускі лідэр.
Чытайце таксама:
Сямашка растлумачыў, калі будуць падпісаны дарожныя карты Беларусі і Расіі
Інтэграцыйныя дакументы вызначаць узаемадзеянне Беларусі і РФ да 2027 года
Беларусь і Расія падпішуць саюзныя праграмы своечасова – Мезенцаў