МІНСК, 5 кас - Sputnik. З 10 кастрычніка гэтага года гандляваць нехарчовымі таварамі на кірмашах і рынках і ажыццяўляць разносны гандаль плодаагародніннай прадукцыяй суб'ектам гаспадарання дазволена толькі з выкарыстаннем касавага абсталявання, паведамляе Міністэрства па падатках і зборах.
Ведамства звяртае ўвагу, што неабходна загадзя набыць касавыя падсумоўваючыя апараты альбо праграмныя касы. Затым варта заключыць з рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам "Інфармацыйна-выдавецкі цэнтр па падатках і зборах" грамадзянска-прававы дагавор на рэгістрацыю і інфармацыйнае абслугоўванне касавага абсталявання ў сістэме кантролю.
Калі ў індывідуальных прадпрымальнікаў няма бягучага (разліковага) рахунку ў банку для таго, каб прымаць гатоўку праз касавыя апараты, такі рахунак неабходна адкрыць, нагадвае МПЗ.
Калі ўжываецца касавае абсталяванне
Раней ведамства распаўсюдзіла паведамленне са спасылкай на пастанову ўрада, якое абавязвае прымяняць касавае абсталяванне пры:
гандлі нехарчовымі таварамі на кірмашах, на гандлёвых месцах на рынках;
ажыццяўленні разноснага гандлю плодаагародніннай прадукцыяй;
выкананні работ, аказанні паслуг па-за пастаяннага месца ажыццяўлення дзейнасці (за выключэннем тэрыторыі сельскай мясцовасці);
ажыццяўленні навучання непаўналетніх;
аказанні паслуг па прадастаўленні жылых памяшканняў (іх частак) у інтэрнаце і найму жылых памяшканняў, садовых домікаў, дач, у тым ліку для кароткатэрміновага пражывання.
Дзе атрымаць інфармацыю
Інфармацыя пра мадэлі касавых апаратаў, дазволеных да выкарыстання на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, змяшчаецца на афіцыйным сайце Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі.
Звесткі аб аператарах праграмных касавых сістэм, праграмных касавых сістэмах і праграмных касах, дапушчаных да выкарыстання ў Беларусі, размешчаны на афіцыйным сайце рэспубліканскага унітарнага прадпрыемства "Інфармацыйна-выдавецкі цэнтр па падатках і зборах".
Аб адказнасці
МПЗ падкрэслівае, што адсутнасць касавага абсталявання альбо яго невыкарыстанне пры продажы тавараў, выкананні работ, аказанні паслуг у выпадках, калі яго прымяненне абавязкова, цягне накладанне штрафу ў памеры да пяцідзесяці базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка - да ста, а на юрыдычную асобу - да двухсот базавых велічынь.
Чытайце таксама:
Падатак на кватэру ўвядуць у Беларусі. Якім ён будзе?
Стаўкі адзінага падатку для самазанятых могуць падняць у Беларусі
Мінфін апублікаваў праект падатковых змен: што чакае ІП?