МІНСК, 2 ліс – Sputnik. Дзень, калі здарыўся пажар і момант выратавання свайго брата 12-гадовы Рома Кагадоўскі памятае дрэнна, а потым некалькі месяцаў быў без прытомнасці.
Учора хлопчык пабываў у Палацы Незалежнасці, дзе Аляксандр Лукашэнка ўручыў яму ордэн "За асабістую мужнасць".
Рома шчыра прызнаўся, што яму было страшна сустракацца з прэзідэнтам, але кіраўнік дзяржавы "апынуўся простым у зносінах".
Пазней ён расказаў аб тым, як праходзіла яго лячэнне і падзяліўся планамі на будучыню. Ён не памятае сам дзень пажару, толькі момант, калі яго забірала хуткая. А потым былі некалькі месяцаў рэанімацыі, дзе ён правёў доўгі час без прытомнасці.
Але Рома запомніў першую размову з мамай, калі ачуняў: размаўлялі тады толькі шэптам. Яшчэ адзін успамін - калі ўлетку ён папрасіў кавун на шляху з рэанімацыі ў апёкавае аддзяленне.
"Хачу сказаць дзякуй усім урачам. Калі б не яны, мяне б тут і не было", – цытуе словы Ромы Кагадоўскага БелТА.
Цяпер хлопчык адчувае сябе добра, пасля канікулаў, у другой чвэрці прыступае да вучобы. Праўда, пакуль анлайн: яшчэ працягваецца рэабілітацыя.
"Усе з нецярпеннем чакалі яго дома і, нарэшце, гэты момант наступіў. Жывы, здаровы, і больш нічога не трэба", - дадае мама хлопчыка Марыя Стадольнік.
Маленькі герой
Нагадаем, 29 красавіка Рома Кагадоўскі на сваіх руках вынес з агню двухгадовага брата Ваню ў вёсцы Сідаравічы Мядзельскага раёна. Пасля чаго адразу ж страціў прытомнасць. Апроч апёкаў на твары і руках у хлопца былі моцныя парэзы ад разбітага шкла.
Было дыягнаставана камбінаванае паражэнне: тэрмічны апёк галавы, шыі, тулава, верхніх і ніжніх канечнасцяў, тэрмаінгаляцыйная траўма цяжкай ступені. Плошча паражэння склала больш за 65%. Рамана падключылі да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх.
З Мядзельскай ЦРБ дзіця даставілі ў Рэспубліканскі апёкавы цэнтр БХМД. Транспарціроўку ажыццяўляў верталёт МНС Мі-8 з медыцынскім модулем на борце.
Чытайце таксама:
Хлопчык - баец: лекары распавялі, як ратавалі Рому Кагадоўскага
Лукашэнка ўручыў узнагароду Роме Кагадоўскаму, які выратаваў на пажары свайго брата