МІНСК, 5 ліс — Sputnik. На стварэнне вытворчасці па выпуску беларускай вакцыны ад каронавіруса плануецца выдаткаваць 68,1 млн рублёў (27,6 млн долараў па курсе Нацбанка), указ аб рэалізацыі інвестыцыйнага праекта за подпісам кіраўніка дзяржавы апублікаваны ў пятніцу на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Да канца 2021 года на праектныя работы і пачатак будаўніцтва выдзеляць 11 мільёнаў рублёў, грошы паступяць з рэспубліканскага цэнтралізаванага інавацыйнага фонду, а таксама інавацыйнага фонду Віцебскай вобласці.
У 2022-2023 гадах праект уключаць у дзяржаўную інвестыцыйную праграму, і ўсе сродкі будуць ісці з бюджэту. У 2022-м улады выдзеляць 50 млн рублёў, у 2023-м - 7,1 млн рублёў.
Акрамя таго, ва ўказе гаворыцца, што тэхналагічнае абсталяванне, а таксама сыравіна і матэрыялы (пажыўныя асяроддзі і фільтры), якія давядзецца закупляць за мяжой для вытворчасці ўласнай вакцыны, будуць увозіцца ў Беларусь без мытных пошлін і ПДВ.
Завод па вытворчасці вакцыны
Прадпрыемства будзе пабудавана ў вёсцы Должа Віцебскай вобласці на базе ААТ "БелВітуніфарм", якое таксама займаецца распрацоўкай іншых медпрэпаратаў. Акрамя ўзвядзення новых вытворчасцей, будуць рэканструяваны ўжо існуючыя.
Распрацоўка беларускай вакцыны вядзецца арганізацыямі, якія знаходзяцца ў ведамстве Міністэрства аховы здароўя і Нацыянальнай акадэміі навук. Як паведамілі ў Міністэрстве аховы здароўя, серыя прататыпнага варыянту вакцыны падрыхтавана.
Плануецца, што на "БелВітуніфарм" будуць вырабляць актыўны кампанент вакцыны, а на заводзе "Белмедпрэпараты" ў Мінску вакцыну будуць разліваць і выпускаць гатовую форму. Як раней адзначаў прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка, у грамадзянскі абарот беларуская вакцына ад COVID-19 паступіць у 2023 годзе.
Чытайце таксама:
Міністэрства аховы здароўя: беларускую вакцыну ад каронавіруса падрыхтуюць для экспарту
Міністэрству аховы здароўя выдзеляць $57,2 млн з рэзервовага фонду прэзідэнта
"Я не ведаў, што гэта так цяжка": маналогі пацыентаў і ўрачоў з чырвонай зоны