Ёсць увосень дзень, калі душа перапаўняецца сумам. У шэрым небе гагочуць, адлятаючы на чужбіну, гусі. Кажуць, што гэта душы памерлых падымаюцца на неба па "гусінай дарозе". Клін хутка знікае, і сэрца запаланяе шкадаванне аб згаслым леце. Паўстае вострае адчуванне хутка бягучага часу. Здаецца, яшчэ ўчора грукаліся ў дзверы калядоўшчыкі, рагатала Масленіца, углядалася ў глыбіню бягучых вод Купалле… і вось ужо шапаціць апалым лісцем вецер, нагадваючы пра Дзяды.
Дзяды не адзначаюць, а дзедуюць
Дзяды – свята беларускага народнага календара, звязанае з ушанаваннем продкаў ("дзядоў") – не толькі памерлых бацькоў, але і ўсіх родзічаў. Нашы продкі верылі, што нябожчык ператвараецца ў духа-продка, якога блізкія яму людзі імкнуліся задобрыць, таму што лічылі яго магутным, здольным уплываць на жывых. Адсюль такое трапяткое стаўленне да памінальных дзён. Дарэчы ў славянскай міфалогіі дзядамі называюць не толькі продкаў але і іх душы.
Напрацягу года свята Дзяды адзначаюць некалькі разоў на год: перад Масленым тыднем, на Радаўніцу, перад Троіцай, Пятровіцай і на Асяніны.
Традыцыя памінання продкаў настолькі трывалая, што аб ёй склалі цэлы шэраг прымавак: "Заўсягды, як на Дзяды", "Як рабілі нашы дзеды, так і нам трэба ўступіць у іх следы", "Не ад нас так заведзена", "Не ад нас тое пайшло й не на нас яно кончыцца", "Яды, як на Дзяды, а работы, як у нядзелю", "З добрым рабіць, як Дзяды дзедаваць".
Восеньскія Дзяды – іх яшчэ называюць Змітраўскія, Вялікія, Асяніны, Хаўтуры– самыя значныя. У розных рэгіёнах Беларусі ў залежнасці ад канфесійнай прыналежнасці вернікаў тэрмін правядзення свята прыпадае на розныя дні ад другой паловы кастрычніка да лістапада. Існавала ўстойлівае выслоў’е ў дачыненні да правядзення абраду. Звычайна казалі не "адзначыць або святкаваць Дзяды", а "Дзяды дзедаваць".
У цэнтры абраду: "Тоўстая вячэра"
Беларускі археолаг Людзміла Дучыц лічыць, што рытуал Дзяды ў найбольш архаічнай форме захаваўся толькі ў беларусаў. Адбываліся Дзяды наступным чынам.
"Тоўстая вячэра" была абстаўлена асабліва ўрачыста. Напярэдадні свята прыбіралі хату і гаспадарчыя пабудовы. Затым, непасрэдна ў святочны дзень да абеду хатнія мыліся ў лазні, пакідаючы крыху вады і венік для "дзядоў". Не шкадуючы прыпасаў, гатавалі смачныя стравы і пітво для ўрачыстай вячэры. Пра багаты, шчодры стол, застаўлены стравамі, казалі:
– Яды, як на Дзяды.
– На стале як на Дзяды.
– Наесціся, як на Дзядэ.
Рабілася гэта для таго, каб задаволіць душы продкаў, якія нябачна бы прысутнічалі на агульным застоллі.
Вакол святочнага стала збіралася ўся сям’я. Гаспадар, які кіраваў абрадам, пасля малітвы паіменна звяртаўся да ўсіх памерлых продкаў, запрашаючы іх прыняць удзел у агульнай вячэры:
"Святыя Дзяды, просім за пачэсны стол!"
або
"Дзяды-радзіцелі, хадзіце да нас!".
Пры гэтым на кароткі час адчынялі дзверы і вокны, а в’юшку ў печы ўвогуле не зачынялі ўсю ноч, паколькі лічылася што менавіта гэтым шляхам душы продкаў да раніцы пакінуць хату.
На стол ставілі так званую "Дзедаўскую чарку" і "Дзедаўскую міску", куды кожны з прысутных адліваў напоі і адкладаў ежу. У розных мясцінах на стол ставілі розную колькасць страў, дзе цотную, дзе няцотную (сем, адзінаццаць, дванаццаць). Але, негледзячы на вялікую колькасць страў, у некаторых вёсках дазвалялася з’есці толькі тры стравы і выпіць тры чаркі.
Падчас урачыстай святочнай вячэры дазвалялася гаварыць толькі аб дзядах – іх жыцці, асобных выпадках і рысах характару. Узгадваліся іх словы і настаўленні, мудрыя парады і добрыя ўчынкі.
Святочны вечар быў напоўнены добрым настроем і таямніцай. Дазвалялася спяваць, граць на музычных інструментах, скакаць, пераапранацца ў касцюмы з маскамі. Так паводзілі сябе таму, што продкаў трэба было не толькі добра пачаставаць, але і павесяліць. Лічылася, што тады яны будуць спрыяць у жыццёвых справах сям’і.
Пасля вячэры гаспадар казаў: "Святыя дзяды, вы сюды прыляцелі, пілі, елі, ляціце ж цяпер да сябе!".
У нашай вёсцы, як і ў многіх мясцінах па Беларусі, на стале і цяпер пакідаюць рэшткі страў, бо лічыцца, што душы продкаў будуць частавацца яшчэ да раніцы.
"Дзяды вячэраюць"
Вера пра тое, што продкі прыходзяць у госці да жывых, існуе і сёння. Ад Палесся да Паазер’я не раз даводзілася чуць фантастычныя гісторыі аб гэтых сустрэчах.
Так, у 2009 годзе жыхарка вёскі Цераблічы Марыя Іванаўна Пашкевіч распавядала мне, што аднойчы, яе свякроў, перад тым, як паставіць у печ куццю – рытуальную кашу з ячменных круп, выйшла ў сенцы, дзе, быцццам бы пабачыла памерлых родзічаў мужа, сярод якіх былі і вядомыя ёй.
Чула і такі аповед, калі жанчына, забыўшыся на свята, цэлы дзень працавала. Увечары, падпаліўшы ў грубцы, злавіла сябе на думцы, што бакавым зрокам бачыць памерлага бацьку, які топчацца каля яе, незадаволена паглядаючы на пусты стол. Як ні гнала жанчына з галавы думкі аб бацьку, праз час гэты вобраз зноў вяртаўся. Каб не нудзіцца, узгадваючы продкаў, жанчына ўключыла радыё. У навінах распавядалі аб падзеях у свеце, аб адкрыцці новай станцыі метро ў Мінску і аб тым, што вернікі святкуюць Дзяды. Тут жанчына і здагадалася, чаго "прыйшоў бацька". Хутка зварыла куццю, накрыла на стол з усяго, што мела, запаліла свечку і шчыра памалілася. Але дзівосы на гэтым не завершыліся. Па традыцыі, каб "пачаставаць дзядоў", жанчына пакінула ежу на стале, накрыла талерку сурвэткай і лягла спаць. Раніцай, прыбіраючы са стала, падняла сурвэтку, а талерка аказалася пустая! Жанчына схамянулася, але, перахрысціўшыся, падзякавала дзядоў за тое, што прыходзілі ў госці, і сказала: "Чакайце нас доўга".
Гэтыя былічкі яскравы прыклад народных перакананняў у тым, што душы памерлых недзе побач. Напрыклад, калі падчас вячэры, са стала скідаецца які небудзь прадмет, сталовыя прыборы і ежа, то іх не трэба падымаць да раніцы. Асобай прыкметай прысутнасці душаў продкаў лічыцца наяўнасць насякомых вакол стала. Іх ні ў якім разе не можна зганяць з ежы, бо гэта – "дзяды вячэраюць". Такое давялося чуць пад Полацкам.
Гатуем на Дзяды
Пра бесклапотнае жыццё казалі: "Жыць, як баран да Дзядоў", паколькі перад святам было прынята рэзаць барана, каб прыгатаваць стравы з варанага і смажанага мяса. Таксама пяклі бліны, варылі клёцкі "з душамі", кісель, гарох з макавым малаком, крупнік з грыбамі або рыбай, верашчаку з каўбасой і г.д.
Клёцкі з душамі
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Клёцкі "з душамі"
З чаго гатаваць:
1,5 кг бульбы,
1 цыбуля,
2 зубкі часнаку,
1 яйцо,
400 г свінога фаршу,
соль,
перац або каляндра,
кмен,
лаўровы ліст.
Як гатаваць. У мясны фарш дадаць дробна насечаную цыбулю і часнок, пасаліць, дадаць прыправу, усё добра памяшаць і скатаць шарыкі. Старкаваць бульбу, як для дранікаў, добра яе адціснуць праз марлю або трохкутны мяшэчак-клінок для вырабу клінковага сыру ў які-небудзь посуд (дарэчы такую бульбу называюць "клінкаванай"). Праз 15 хвілін крухмал асядзе на дно і сок можна выліць або выпіць, бо гэта вельмі каштоўна для страўніка. Далей, у адціснутую бульбу дадаць яйцо, соль, крухмал і ўсё перамяшаць. Атрымаецца бульбянае цеста, якое трэба раздзяліць на часткі – па колькасці мясных шарыкаў. Як будзеце дзяліць, памятайце, што клёцкі ў вас павінны атрымацца велічынёй з мячык для жангліравання або як далікатны жаночы кулачок. Цяпер фарш трэба загарнуць у цеста з бульбы. Атрыманыя клёцкі асцярожна апусціць у падсоленую кіпячую ваду. Але вада пры гэтым не павінна моцна кіпець! Варыць іх трэба 30-40 хв на слабым агні, не закрываючы каструлю вечкам. Вынуць клёцкі шумоўкай і пакласці іх па адной у талеркі з загадзя звараным мясным булёнам. У кожную талерку ўсыпце крыху сечанага зялёнага кропу, калі яго няма, то і так будзе смачна. Можна клёцкі падаваць без булёна, проста выкласці іх на талерку і паліць смятанай, але з булёнам… вельмі смачна!
У маёй сям’і Дзяды спрадвеку найважнейшае свята. Акрамя прыбірання ў хаце і прыгатавання страў да святочнай вячэры, абавязкова стараюся наведаць могілкі, каб навесці там парадак. З малых гадоў прывучыла да гэтай работы сына, які вырас у шанаванні памяці продкаў.
А маладым бацькам хачу параіць, часцей расказваць сваім дзецям аб вашых блізкіх і іх добрых учынках. Шчыра ганарыцеся імі самі – і тады вашым дзецям захочацца таксама быць у чымсьці падобнымі да іх і рабіць добрае.
Са святам!
Чытайце таксама:
Куцця і заяц у смятане: гатуем памінальны стол па рэцэптах продкаў
Душы людзей і смерць: што яшчэ сімвалізуе матылёк у беларускай культуры
На парозе Дзяды: прыкметы і традыцыі старадаўняга свята