Лукашэнка хоча атрымаць ад Расіі некалькі "Іскандэраў"

Кіраўнік беларускай дзяржавы плануе размясціць іх на заходнім і паўднёвым напрамках, каб "умець ваяваць супраць той тэхнікі, якая да нас прыйдзе".
Sputnik
МІНСК, 13 ліс – Sputnik. Беларусь хоча атрымаць ад Расіі некалькі ракетных комплексаў "Іскандэр", заявіў прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю часопісу "Национальная оборона".
"Мне трэба некалькі дывізіёнаў на заходнім, на паўднёвым напрамку, няхай стаяць. Гэта 500 кіламетраў (далёкасць пуску), таму што наш "Паланез" - да 300 кіламетраў", - адзначыў беларускі лідэр.
Паводле яго слоў, у беларускай арміі ёсць добрае і высокадакладнае ўзбраенне, аднак неабходна абсталёўваць войскі новай тэхнікай. Рабіць гэта можна ва ўзаемадзеянні з расійскімі партнёрамі.

Беларусь гатова да ўварвання

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што не трэба лунаць у аблоках наконт таго, што ваенная тэхніка ў свеце не развіваецца. А таксама не забывацца, што Беларусь могуць "накрыць ракетамі".
"Але наземную аперацыю яны ніколі не правядуць у Беларусі - мы да гэтага гатовы, у нас ёсць сілы спецыяльных аперацый... Нам трэба ўмець ваяваць супраць той тэхнікі, якая да нас прыйдзе", - канстатаваў кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, "мы бачым, дзе і ракетай трэба нанесці ўдар, і "Точку" задзейнічаць, і "Бук-МБ". "Вельмі важная цяпер мабільнасць, таму мы стварылі машыны на МЗКЦ, бронемашыны, восем-дзевяць чалавек экіпаж, як БТР. Таму вы не хвалюйцеся, мы сваю ролю тут адыграем", - рэзюмаваў прэзідэнт.

На што здольны "Іскандэры"

Аператыўна-тактычныя ракетныя комплексы "Іскандэр" задзейнічаюць у асноўным для знішчэння сістэм СПА і ПРА саперніка, камандных пунктаў і вузлоў сувязі, самалётаў і верталётаў на аэрадромах, складоў, мастоў, караблёў і дывізіённай артылерыі. Далёкасць пуску - да 500 км.
Долары мілітарызацыі: якія краіны павышаюць ваенныя выдаткі?