МІНСК, 23 ліс – Sputnik. Прадстаўніку пасольства Беларусі ў Літве была ўручана нота пратэсту ў сувязі з планамі пачаць фізічны пуск другога энергаблока Беларускай АЭС да канца 2021 года, гаворыцца ў паведамленні прэс-службы МЗС балтыйскай рэспублікі.
Афіцыйны Вільнюс сцвярджае, што пачатак эксплуатацыі другога энергаблока Беларускай атамнай станцыі падвоіць пагрозы ядзернай бяспецы і навакольнаму асяроддзю Літвы і ўсяго рэгіёна.
У сувязі з гэтым МЗС рэспублікі заклікала Беларусь устрымацца ад гэтага рашэння, а таксама запатрабавала прыпыніць работу першага энергаблока АЭС да таго часу, пакуль не будуць выкананы ўсе сучасныя патрабаванні ядзернай бяспекі, на якіх настойвае балтыйская рэспубліка.
"Пакуль Беларуская АЭС працуе на Астравецкай пляцоўцы, Літва будзе выкарыстоўваць усе магчымыя дыпламатычныя, палітычныя, прававыя і тэхнічныя меры для абароны дабрабыту свайго народа і інтарэсаў нацыянальнай бяспекі", - гаворыцца ў паведамленні знешнепалітычнага ведамства Літвы.
Пры гэтым у МЗС адзначылі, што рашэнне беларускага боку пабудаваць атамную станцыю ў непасрэднай блізкасці ад літоўскай мяжы і Вільнюса было і застаецца важнейшым пытаннем у двухбаковых адносінах, улічваючы іншыя нявырашаныя праблемы, якія маюць месца цяпер.
Беларуская АЭС
Атамную электрастанцыю ў Астраўцы будуюць па расійскім праекце "ВВЭР-1200", які адпавядае ўсім нормам бяспекі МАГАТЭ.
БелАЭС складаецца з двух энергаблокаў, магутнасць кожнага будзе 1200 МВт. Фізічны пуск першага энергаблока адбыўся ў жніўні 2020-га, у агульную энергасістэму краіны яго ўключылі ў лістападзе таго ж года.
У красавіку бягучага года на БелАЭС было дастаўлена ядзернае паліва для другога энергаблока.
Чытайце таксама:
Мінэнерга растлумачыла чарговае адключэнне БелАЭС
Мінск і Масква правядуць перамовы па перавозках ядзерных матэрыялаў
Эксперты МАГАТЭ завяршылі работу на БелАЭС