МІНСК, 25 ліс – Sputnik. Праца па падрыхтоўцы змен Канстытуцыі выйшла на фінішную прамую, заявіў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сумесным паседжанні Канстытуцыйнай камісіі і групы па дапрацоўцы праекта Асноўнага закона, паведамляе БелТА.
Прэзідэнт сказаў, што тыя, хто працаваў над праектам Асноўнага закона, зрабілі ўжо нямала. Канстытуцыйная камісія ўнесла напрацаваныя прапановы, акумуляваўшы ў тым ліку шматлікія ініцыятывы грамадзян. Гэты варыянт за аснову ўзяла працоўная група. Яна сканцэнтравалася на прынцыповых пытаннях і паспрабавала сфармуліраваць тое, што не атрымалася ў Канстытуцыйнай камісіі.
Як падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, рысу пад работай над Канстытуцыяй падводзіць рана: "Сённяшняе мерапрыемства - чарговае ў распрацоўцы змяненняў, і я б прасіў вас уважлівым чынам падысці да таго праекта, які ёсць сёння".
"У найбліжэйшы час падрыхтаваны праект Асноўнага закона будзе вынесены на ўсенароднае абмеркаванне. На гэтым этапе кожны грамадзянін зможа стаць удзельнікам канстытуцыйнага працэсу", - цытуе прэзідэнта Telegram-канал "Пул першага", блізкі да прэс-службы беларускага лідара.
Пра Усебеларускі народны сход
Аляксандр Лукашэнка перакананы ў неабходнасці замацаваць у Канстытуцыі статус Усебеларускага народнага схода. На яго думку, гэта ўмацуе інстытут народаўладдзя.
"Як я не раз гаварыў, УНС - гэта наша веча. Лічу, што гэты інстытут народаўладдзя адпавядае векавому нацыянальнаму ўкладу жыцця беларусаў", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
На яго думку, Беларусі не варта бегчы па прынцыпы, нормы, уклад жыцця на Захадзе: "Вы бачылі, што дэкларуецца адно, прапіхваецца на нас іншае, а робяць яны… Робяць як робяць, вы гэта бачылі".
Новая Канстытуцыя робіцца не пад Лукашэнку
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што УНС для Беларусі - гэта не новы орган: "Ён проста просіцца ў Канстытуцыю. І тут справа не ў асобах. Асабліва падкрэсліваю: ніякіх канкрэтных асоб у Канстытуцыі быць не павінна. Ніякую Канстытуцыю Лукашэнка пад сябе не робіць".
Пры гэтым Беларусь застанецца прэзідэнцкай рэспублікай, што дасць магчымасць абараніць асновы дзяржаўнасці.
Як сказаў Аляксандр Лукашэнка, "усё будзе залежыць ад таго, які прэзідэнт прыйдзе на змену гэтаму прэзідэнту. Таму мы падстрахоўваемся Усебеларускім народным сходам. Вы бачыце, што лягчэй і спакайней вакол нас не стала".
Застанемся ў гісторыі
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што перабольшваць яго ролю ў гісторыі не трэба, тым не менш зроблена нямала.
"Мы застанемся ў гісторыі. Худа-бедна, мы стварылі сваю незалежную суверэнную дзяржаву, якая праіснавала ўжо больш за чвэрць стагоддзя", – сказаў прэзідэнт Беларусі.
Паводле яго пераканання, важна захаваць дзяржаву для будучых пакаленняў, пакінуўшы дзецям "нармальную кіраваную краіну і дзяржаву".
"Пераканаць людзей трэба, што сёння не асабістае галоўнае, а галоўнае - у цэлым для нашага грамадства захаваць нашу дзяржаўнасць", - падкрэсліў Лукашэнка.
Праца над новым праектам Канстытуцыі
Над абнаўленнем Канстытуцыі ў Беларусі пачалі працаваць з канца зімы мінулага года. У працоўную групу ўвайшлі парламентарыі, навукоўцы, прадстаўнікі Канстытуцыйнага суда, члены ўрада.
Як раней расказваў кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сяргеенка, падчас пасяджэнняў былі гарачыя спрэчкі і дыскусіі.
Змяненні прапануюцца ў 77 артыкулаў Асноўнага закона, у прэамбуле з'явіцца новы раздзел – аб Усебеларускім народным сходзе, які стане вышэйшым прадстаўнічым органам народаўладдзя, своеасаблівым народным вечам.
"Рашэнні УНС будуць абавязковымі для выканання", - падкрэсліў Сяргеенка. У праекце Канстытуцыі прапануецца, што ў склад УНС будуць уваходзіць прадстаўнікі выканаўчай, заканадаўчай і судовай улад, грамадскіх структур, дэпутаты мясцовых саветаў.
Асобны блок праекта Канстытуцыі прысвечаны пераразмеркаванню паўнамоцтваў прэзідэнта. Прапануецца ўзмацніць жорсткасць патрабавання да кандыдатаў на пасаду кіраўніка дзяржавы, увесці абмежаванні па двух тэрмінах, змяніць парадак імпічменту, узмацніць функцыі ўрада.
Трэці блок змен, па словах кіраўніка адміністрацыі, закране парламент і мясцовыя саветы, якія будуць абірацца тэрмінам на пяць гадоў. Павялічыцца перыяд работы парламента да дзвюх сесій, ён будзе працаваць практычна цэлы год.
Чытайце таксама:
Аўтар першай Канстытуцыі Беларусі сказаў, што зменіцца з прыняццем новай
Лукашэнка пра новую Канстытуцыю: атрымаў варыянт, азнаёміўся, ёсць што абмяркоўваць
Ярмошына назвала, колькі выдаткуюць на правядзенне рэферэндуму па Канстытуцыі
Сіл і сродкаў дастаткова, каб рэферэндум прайшоў спакойна - Барсукоў
Стала вядома, калі беларусы змогуць абмеркаваць праект новай Канстытуцыі