У наступным годзе ВУП Беларусі чакае мінімальны рост – прагноз ЕАБР

Запаволенне беларускай эканомікі будзе абумоўлена тым, што попыт у краінах, якія з'яўляюцца асноўнымі эканамічнымі партнёрамі, прайшоў фазу аднаўлення.
Sputnik
МІНСК, 25 ліс – Sputnik. Рост беларускай эканомікі ў базавым сцэнарыі прагназуецца ў 2022 годзе ў памеры 0,7%, гаворыцца ў эканамічным прагнозе, падрыхтаваным Еўразійскім банкам развіцця.
На думку аналітыкаў, знешні попыт на беларускую прадукцыю ў наступным годзе аслабне, таму што рост эканомікі ў краінах, якія з'яўляюцца ключавымі партнёрамі, запаволіцца пасля таго, як прайшла актыўная фаза аднаўлення.

Нізкі рост ВУП у перспектыве

Экспарт беларускай прадукцыі будзе адчуваць у 2022 годзе падтрымку з боку высокіх цэн на сыравіну, але яны паступова на працягу года будуць слабець разам з нармалізацыяй попыту ў свеце.
"Дынаміка ўнутранай інвестыцыйнай і спажывецкай актыўнасці ў 2022 г. чакаецца стрыманай. Яе могуць абмяжоўваць павышаная нявызначанасць і рызыкі, наступствы санкцый з боку шэрага заходніх краін, а таксама стрымліваючыя грашова-крэдытныя ўмовы", - гаворыцца ў прагнозе ЕАБР.
Гэтыя фактары і абумовяць нізкі рост ВУП у наступным годзе. Пры гэтым у сярэднетэрміновай перспектыве беларуская эканоміка будзе расці на 1% у год.

Што будзе з цэнамі?

"Інфляцыя па выніках 2022 года прагназуецца ў памеры 7,4% - пасля 10% у 2021 годзе", - прагназуюць спецыялісты Еўразійскага банка развіцця.
Такому запаволенню інфляцыі пасадзейнічае нармалізацыя работы вытворчых і лагістычных ланцужкоў у сусветнай эканоміцы, а таксама стабілізацыя цэн на сыравіну і запаволенне інфляцыі ў расійскай эканоміцы да 4,9%.
Адначасова са стрыманым унутраным попытам, які будзе абмяжоўваць рост інфляцыі, падаграваць яе можа моцны рост цэн на прадукты харчавання ў 2021 годзе пасля дрэннага ўраджаю.
"Інфляцыйныя чаканні насельніцтва і бізнесу ў сярэднетэрміновай перспектыве могуць захоўвацца на высокім узроўні з-за нявызначанасці наступстваў санкцый і рызык значнага паслаблення беларускага рубля", - канстатуецца ў дакладзе.
У сукупнасці гэтыя фактары прывядуць да таго, што паказчыкі цэн у Беларусі будуць павольна набліжацца да мэтавых значэнняў Нацбанка і, верагодна, інфляцыя па выніках 2023 года можа скласціся ў памеры 5,5%.

Ключавая стаўка і курс рубля

Аналітыкі ЕАБР мяркуюць, што беларускія ўлады вымушаны будуць павысіць стаўку рэфінансавання і яна складзе каля 10% у першай палове 2022 года.
Апошні раз Нацбанк павышаў стаўку рэфінансавання ў Беларусі ў ліпені 2021 года, тады яна была ўстаноўлена ў памеры 9,25%.
Пры гэтым у прагнозе гаворыцца, што ўслед за зніжэннем інфляцыі ключавы паказчык у эканоміцы таксама можа апусціцца да адзнакі ў 9-9,5% да канца 2022 года, а ў наступным скласці каля 9%.
"Курс беларускага рубля да долара ў базавым сцэнарыі прагназуецца на ўзроўні 2,65 у сярэднім за 2022 год", - лічаць эксперты.

Падтрымка Расіі

Беларуская эканоміка таксама адчуе нявызначанасць, выкліканую далейшай палітыкай заходніх краін і наступствамі рэстрыкцый.
"Наш базавы сцэнарый прадугледжвае хуткую адаптацыю Беларусі да ўведзеных санкцый, у тым ліку, дзякуючы падтрымцы Расіі", - адзначаецца ў дакладзе.
Аналітыкі лічаць, што ў выпадку рэалізацыі негатыўнага сцэнарыя ўплыву абмежавальных мер на беларускую эканоміку, яна можа скараціцца на 1-4% у 2022 годзе.
Беларуская эканоміка расце дзякуючы IT
Чытайце таксама:
ЕАБР прагназуе двухзначную інфляцыю ў Беларусі на канец 2021 года
Стаўка рэфінансавання можа павялічыцца да 10 працэнтаў – ЕАБР
Санкцыі не ўплываюць: ЕАБР аб сітуацыі ў беларускай эканоміцы
Рост беларускай эканомікі запавольваецца з-за аграрнага сектара
У Беларусі з'явіўся яшчэ адзін нечаканы фактар інфляцыі