МІНСК, 3 сне - Sputnik. Сваякі абвінавачанага ў спробе дзяржаўнага перавароту старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва просяць турэмных лекараў накіраваць яго на аперацыю, паведаміла ягоная дачка Кацярына Кастусёва.
Нядаўна Кастусёва перавялі са следчага ізалятара КДБ у турэмны шпіталь. Як паведамляла адвакат, яго планавалі праапераваць наконт пухліны. На гэтым тыдні дачка Кастусёва наведала СІЗА-1 і паразмаўляла з урачамі Рэспубліканскай бальніцы для асуджаных.
"Урач пацвердзіў, што ў яго (Грыгорыя Кастусёва - Sputnik) анкалагічнае захворванне, пры гэтым сцвярджаў, што неабходнасці ў тэрміновай аперацыі няма. Хоць бацька паведамляў, што аб правядзенні тэрміновай аперацыі яму лекары казалі яшчэ летам", - паведамляла Sputnik Кацярына Кастусёва.
Паводле яе слоў, доктар у гутарцы паведаміў ёй, што медыкам зараз важна ведаць вынікі аналізаў Кастусёва шматгадовай даўніны, каб выбраць правільныя метады лячэння.
"У выпадку з анкалагічнымі захворваннямі медыкам вельмі важна ведаць дынаміку захворвання. Для атрымання гэтай інфармацыі трэба зрабіць запыт у бальніцу, у якую бацька звяртаўся раней. З гэтым чамусьці ва ўстанове (турэмнай бальніцы – Sputnik) праблема, хаця ўсе дакументы з медустаноў, дзе ён раней назіраўся запытваліся яшчэ ў траўні", - сказала дачка палітыка.
Яна баіцца, што стан у Кастусёва можа пагоршыцца, калі не прызначыць лячэнне.
Паводле яе слоў, урачы не паведамілі ніякіх прагнозаў, схемаў і планаў лячэння бацькі. Але доктар сказаў, што вынікі апошняга УГД сэрца Кастусёва паказалі рубец на сэрцы.
"Гэта пацвярджае словы бацькі, пра тое, што ў яго СІЗА КДБ 11.09 у 6 гадзін раніцы здарыўся інфаркт, які ён перанёс на нагах. Хуткую яму тады не выклікалі, лячылі на месцы", - сказала Кастусёва.
Як раней паведамлялася, 64-гадовага кіраўніка найстарэйшай апазіцыйнай партыі Беларусі Кастусёва аператыўнікі КДБ затрымалі ў Маскве 12 красавіка 2021 года разам з Аляксандрам Фядутам і юрыстам з ЗША Юрыем Зянковічам. Яны з'яўляюцца абвінавачанымі па крымінальнай справе аб спробе вайсковага перавароту ў Беларусі, якую вядзе КДБ.
Аб падрыхтоўцы дзяржперавароту, у час якога планаваўся замах на прэзідэнта Беларусі, расказаў СМІ кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка праз некалькі дзён пасля затрымання фігурантаў справы.