Якую ёлку купіць: жывую, штучную ці ў кадцы?

Карэспандэнты Sputnik з'ездзілі ў лясніцтва і высветлілі, як гадуюць ёлкі да Новага года і наколькі іх вырубка шкодзіць прыродзе.
Sputnik
Новы год – гэта шампанскае, мандарыны, падарункі, загадванне жаданняў і, вядома, ёлка – неад'емны атрыбут чароўнага свята.
Калі не было строгіх мер аховы лесу, людзі проста ішлі ў гушчар і секлі ялінку пад самы карэньчык. Цяпер самавольна за навагодняй прыгажуняй у лес хадзіць нельга: караецца.
Ды і сама ёлка атрымала альтэрнатыву: некаторыя прыбіраюць сасну, кіпарыс, зімовую вішню ці тую. Многія ставяць штучную ёлку. Маўляў, менш валтузні і лес захоўваецца.
Якую ёлку купіць і ці сапраўды вырубка навагодніх дрэў шкодзіць прыродзе, высвятляў Sputnik.

Чым шкодныя штучныя ёлкі?

"Навязваць свой пункт гледжання нікому не стану: хоча чалавек паставіць штучную ёлку – яго права, але трэба ўлічваць, што яна не бясшкодная для экалогіі, пачынаючы ад пластыка, з якога выраблена, і заканчваючы праблемай утылізацыі", - расказаў галоўны ляснічы Уздзенскага лясгаса Аляксандр Салавей.
Галоўны ляснічы Уздзенскага лясгаса Аляксандр Салавей пра яліны ведае літаральна ўсё
Ён – патомны лесавод, прадаўжальнік бацькоўскай справы. З адзнакай скончыў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, мае ступень бакалаўра. У наступным годзе будзе роўна 20 гадоў, як працуе ў галіне.
На яго думку, для многіх пры выбары на карысць штучнай ёлкі важны прынцып: "Купіў і гадоў на 10 забыўся на расходы". "Ды і не трэба іголку, якая апала, потым здабываць з дывана", - жартуе Салавей. Разам з тым пластык ніколі не заменіць пах і "тактыльнасць" свежассечанай ёлкі. Не кажучы ўжо пра тое, што натуральнае дрэва, у адрозненне ад пластыкавага, цалкам біяраскладальнае.
На думку спецыяліста, вырубка навагодніх ёлак падтрымлівае цэлую індустрыю па лесапасадцы і абсалютна ніякай шкоды прыродзе не наносіць.
Вас гэта можа здзівіць, але ляснічыя запэўніваюць: арганізаваная вырубка ёлак ніякай шкоды прыродзе не наносіць
"Навагоднія дрэвы вырошчваюцца на спецыяльных плантацыях або іх нарыхтоўваюць там, дзе ідзе суцэльная вырубка лесу, і захаванне маладых ёлак не прадугледжана", - растлумачыў Аляксандр Салавей.

Ёлка ў кадцы: ці выгадна купляць?

Ва Уздзенскім лясгасе – дзясятак плантацый, якія займаюць плошчу каля 10 гектараў, дзе вырошчваюць ёлкі і сосны да Новага года.
У гэтым сезоне запланавана нарыхтаваць і прадаць ад 3 да 4 тысяч дрэў. Як ссечаных, так і жывых, якія растуць у чыгунах і кадках. Апошняя катэгорыя становіцца ўсё папулярнейшай. Адзіная нязручнасць: перавозка.
"Пасля свят можна і далей даглядаць дрэва ў кадцы, а потым высадзіць на прысядзібным участку. Некаторыя вывозяць назад у лес і там садзяць. Такі падыход мне ўяўляецца правільным", - сказаў галоўны ляснічы.
Сёлета ў лясгасе нарыхтавалі каля 300 ёлак у кадках. Трэць ўжо прадалі.

Ці можна ўзяць ёлку напракат?

Пакуль такая паслуга ва Уздзенскім лясгасе не прадугледжана.
"Чалавек у любым выпадку павінен тавар купіць. Калі ж захоча, каб мы назад узялі дрэва ў кадцы і працягнулі прафесійна за ім даглядаць, ствараючы асаблівыя ўмовы, зацяняючы, падкормліваючы, паліваючы, можам нават імянную таблічку замацаваць. Але потым гэтую ёлку ці сасну ўсё роўна прыйдзецца купляць па існуючым тарыфе", - адзначыў Салавей.
Жывыя ёлкі ў кадках

Як не ашукацца, купляючы ёлку ў сетцы?

У інтэрнэце нярэдка сустракаюцца скаргі людзей, якія купілі ёлку, прыгожа загорнутую ў сетку, але пры распакаванні дрэва аказалася аднабокім альбо пачынала адразу ж абсыпацца.
"Мы шануем сваю рэпутацыю і не прадаем ката ў мяшку, - сказаў Аляксандр Салавей. - Калі чалавек просіць перавязаць або прыгожа ўпакаваць ёлку, то, вядома, робім гэта. Заўсёды даем магчымасць выбраць самастойна, агледзець тавар з усіх бакоў".

Дастаўка ёлак на дом

З-за пандэміі людзі баяцца лішні раз выходзіць з дому, а ўжо выбірацца з вёскі ў горад спецыяльна за ёлкай і тым больш. Як з гэтым быць?
"Мы гатовы наладзіць дастаўку, калі заказ будзе ёлак 10-15. Але за адзінокіх бабуль і дзядуль не хвалюйцеся: ляснічыя на месцах усім дапамогуць і зробяць усё правільна, па законе", - адзначыў Салавей.
Купляючы навагоднюю прыгажуню, важна агледзець яе з ўсіх бакоў

Ці можна самому ссекчы ёлку?

"Самавольная вырубка забаронена, але наша галоўная мэта – не злавіць і пакараць чалавека, а папярэдзіць правапарушэнне. Вядзём актыўную прафілактычную работу. Тым не менш, у пераднавагоднія святы пастаянна працуюць 2 стацыянарныя пасты дзяржаўнай лясной аховы, якія дзейнічаюць як самастойна, так і сумесна з міліцыяй. Таксама выязджаюць дзве мабільныя рэйдавыя групы, якія асаблівую ўвагу звяртаюць на хваёвыя маладнякі. Скажу шчыра, парушальнікаў з кожным годам усё менш і менш, літаральна адзінкавыя выпадкі", - адзначыў галоўны ляснічы лясгаса.

Аб памеры штрафу за "ёлачнае браканьерства"

Артыкул 15.22 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях за незаконную вырубку дрэў прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу: ад 5 да 50 базавых велічынь – для фізічнай асобы, ад 20 да 200 базавых велічынь – для індывідуальнага прадпрымальніка і ад 50 да 300 базавых велічынь – для юрыдычнай асобы.
Велічыня шкоды вызначаецца ў залежнасці ад катэгорыі лясоў: прыродаахоўных, рэкрэацыйна-аздараўленчых, ахоўных, эксплуатацыйных і гэтак далей.
Ляснік Дзмітрый Савіцкі лічыць, што выбіраць навагодняе дрэва трэба з любоўю

Ці дапамагаюць фотапасткі?

"Камеры фота- і відэафіксацыі ёсць у кожным лясніцтве. Вывешваем адкрыта, выстаўляем папераджальныя знакі, каб людзі своечасова спыніліся. Лепш загадзя папярэдзіць парушэнне, чым потым разбірацца, караць чалавека, псаваць яму і сабе настрой. Але калі злосны парушальнік, адказваць давядзецца па ўсёй строгасці", - папярэдзіў Салавей.

Што робяць з ёлкамі, якія не прадалі?

Галоўны ляснічы Уздзенскага лясгаса сцвярджае, што за гады працы спецыялісты навучыліся разлічваць, колькі навагодніх дрэў трэба пусціць у продаж.

"Дзейнічаем у залежнасці ад пакупніцкага попыту, часта пад заказ, з колаў. Не бывала яшчэ такога, каб мы нарыхтавалі тысячу ці дзве тысячы ёлак, і яны б потым ляжалі і чакалі пакупнікоў. Калі застанецца нейкі дзесятак ёлак, перапрацоўваем у дранку, бяздумна не спальваем", – кажа ён.

Навошта лясгасы збіраюць шышкі?

Шышкі патрэбны для нарыхтоўкі насення, каб потым вырошчваць пасадачны матэрыял. Праца карпатлівая, ручная. За дзень чалавек збірае прыкладна 20 кілаграмаў шышак. Нарыхтоўка пачалася ў канцы лістапада і, калі пратрымаецца холад, працягнецца да лютага.
За гады працы спецыялісты навучыліся разлічваць, колькі навагодніх дрэў трэба пусціць у продаж
План для Уздзенскага лясгаса на гэты сезон – сабраць 8 тон, ужо ёсць каля 6, плануюць дабраць да 12, з якіх, згодна са стандартам выхаду – а гэта крыху больш за 1% – павінна атрымацца каля 120 кілаграмаў насення. На гектар высейваецца каля 50 кілаграмаў, гэта прыкладна 2-2,2 млн штук.
У лясгасе ёсць свая лесанасенная плантацыя плошчай 22 гектары, з якой атрымліваюць насенне з палепшанымі селекцыйнымі ўласцівасцямі. Пасадачны матэрыял атрымліваецца кланіраваны, прышчэплены, з улікам кліматычных умоў, з добрымі генетычнымі задаткамі.
А вось так выглядае "дзіцячы сад" для будучых вялікіх дрэў
Для таго, каб з насення вырасла навагодняя ялінка, павінна прайсці мінімум 5-6 гадоў.
"З кожным дрэўцам нашы работнікі важдаюцца як з малым дзіцем. Працэс гэты бесперапынны, працаёмкі, працяглы. І нацэлены не толькі на тое, каб даставіць людзям радасць да Новага года, а каб захаваць і прымножыць прыродныя багацці для будучых пакаленняў. І гэта – не высакамоўныя словы. Мы гэтым жывём", - падкрэсліў Аляксандр Салавей.
Стала вядома галоўная лакацыя навагодняй ночы ў Мінску
Таксама на Sputnik:
Фотапасткі і не толькі: перад Новым годам узмоцняць кантроль за вырубкай ёлак
БЧ прызначыла 16 дадатковых цягнікоў на навагоднія святы
Мінск у агнях: навагоднюю ілюмінацыю запалілі ў сталіцы – фота
Глінтвейн і гарачы шакалад: у Беларусі адкрываюцца навагоднія кірмашы
Ці будуць дадатковыя выхадныя ў зімовыя святы, распавёў Саўмін