МІНСК, 10 сту - Sputnik. Рэзкіх змен у кошце квадратнага метра жылля ў Беларусі не прагназуецца, пра гэта заявіў міністр архітэктуры і будаўніцтва Руслан Пархамовіч у эфіры тэлеканала АНТ.
"Як і раней, у адпаведнасці з прамым даручэннем дырэктывы мы будзем выконваць суадносіны сярэдняга кошту квадратнага метра жылля і сярэдняй заработнай платы ў краіне. Павінен быць не больш за адзінку гэты каэфіцыент. Таму наша мэта на наступны год такая. Тут гаворка ідзе пра жыллё з дзяржпадтрымкай. ", - сказаў Руслан Пархамовіч.
Што тычыцца рынкавага кошту жылля, міністр выказаўся аб ураўнаважанай сітуацыі:
"У нас дастаткова сёння прапаноў і нядрэнны попыт, таму цана на 15-20% даражэйшая, чым кошт жылля з дзяржпадтрымкай".
Акрамя таго, паводле слоў чыноўніка, актыўна развіваюцца гарады-спадарожнікі Мінска: з 2014 года насельніцтва ў іх павялічылася на чвэрць. На думку кіраўніка профільнага ведамства, гэта ўсё абумоўлена будаўніцтвам не толькі жылля, але і сацыяльнай, інжынернай, транспартнай інфраструктуры.
"Мінск будзе дапамагаць працаваць адносна лагістычных сувязей для таго, каб людзям, якія жывуць у гарадах-спадарожніках, было хутка і камфортна дабірацца да асноўнага месца работы. Таму, безумоўна, такі падыход сябе апраўдаў", - лічыць Пархімовіч.
Аб выкупе арэнднага жылля
Міністр архітэктуры і будаўніцтва растлумачыў сітуацыю па выкупе арэнднага жылля. Ён падкрэсліў, што заканадаўства не гатова да вырашэння гэтага пытання ў бліжэйшы час.
"Таму неабходна Міністэрству архітэктуры і будаўніцтва і Міністэрству жыллёва-камунальнай гаспадаркі папрацаваць і вызначыць падыходы ў частцы вызначэння кошту арэнднай платы, парадку выкупу такога жылля, парадку яго прадастаўлення. Тут трэба будзе сур'ёзная работа", - сказаў Пархамовіч.
Ён упэўнены, што тэмпы ўзвядзення арэнднага жылля трэба павялічваць, паколькі "не ўсе грамадзяне, якія нават маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, гатовы і могуць патраціць грошы на тое, каб набыць яго ва ўласнасць". Пасля, лічыць міністр, грамадзянін для сябе вырашыць: можа ён ці хоча выкупіць гэтае жыллё, ці будзе працягваць арандаваць яго.
"Думаю на працягу бліжэйшых паўгода мы падрыхтуем усю неабходную нарматыўную базу і ўнясём ва ўрад на разгляд гэта пытанне", - рэзюмаваў Пархамовіч.
Чытайце таксама:
Лукашэнка расказаў, хто атрымае жыллё з дзяржпадтрымкай
Лукашэнка: будаўнічая галіна прыносіць радасці няшмат
У якасці эксперыменту: медыкам хочуць дазволіць выкупляць арэнднае жыллё