МІНСК, 20 сту - Sputnik. Міністэрства па падатках і зборах растлумачыла, у якіх выпадках за продаж сельгаспрадукцыі з асабістага падворка, а таксама зборшчыкам грыбоў і ягад давядзецца плаціць падатак.
Новыя ўмовы прадугледжаны рэдакцыяй Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь, якая ўступіла ў сілу з 2022 года.
Агароднікі, жывёлаводы, пчаляры, зборшчыкі ягад, грыбоў, арэхаў і іншых дзікаросаў па-ранейшаму ўключаны ў артыкул 208 НК РБ (даходы, якія вызваляюцца ад падаходнага падатку з фізічных асоб).
Але цяпер падатковая будзе больш уважліва ставіцца да тых, хто пакажа ў якасці тлумачэння крыніцы даходаў (накіраваных на куплю маёмасці і іншыя выдаткі) – продаж прадукцыі, вырашчанай на прысядзібным участку або сабраную ў лесе.
Зрэшты, размова ідзе аб суме, якая перавышае 200 базавых велічынь на працягу года. З 1 студзеня 2022 года базавая велічыня павялічылася з 29 да 32 рублёў, таму ў гэтым сезоне можна без праблем зарабіць 6400 рублёў ці амаль 2,5 тысячы долараў у эквіваленце. Падатак (10%) будзе спаганяцца з заробленага звыш гэтай сумы.
Падаткавікі раней адзначалі, што ўсё больш грамадзян пры праверцы даходаў у сувязі з буйнымі выдаткамі называюць крыніцай даходу продаж прадукцыі з асабістага падворка і сезонны збор дзікаросаў.
З чым звязаны змены ў падатковым заканадаўстве?
Як тлумачыў раней намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Пётр Вабішчэвіч у мультымедыйным прэс-цэнтры Sputnik Беларусь, змяненні і дапаўненні ў Падатковы кодэкс арыентаваны ў асноўным на вырашэнне практычных пытанняў падаткаабкладання і прадугледжваюць базавыя, дадатковыя і сістэмныя меры.
"Да базавых мер адносіцца індэксацыя ставак падаткаў, якія ў нас ёсць. Напрыклад, павелічэнне ставак акцызаў у прыватнасці на цыгарэты - каля 15 працэнтаў. Увядзенне акцызаў на вадкасці для электронных цыгарэт", - растлумачыў Вабішчэвіч.
Да другога блока, паводле слоў дэпутата, адносіцца абавязак па вылічэнні падатку на дабаўленую вартасць і выплаце замежнымі арганізацыямі, якія займаюцца дыстанцыйным гандлем таварамі. Дадатковай мерай таксама лічыцца адмена льготы па падатку на нерухомасць у адносінах да ўласнікаў кватэр.
А сістэмныя змены падатковага заканадаўства закрануць мікраарганізацыі, індывідуальных прадпрымальнікаў, самазанятых, рамеснікаў і ўладальнікаў аграсядзіб.
У прыватнасці, умовы падаткаабкладання для ІП ураўнуюць за кошт павелічэння ставак падаткаў. Яны, паводле слоў Вабішчэвіча, будуць павышаны ад 2 да 4 разоў у залежнасці ад рэгіёна і віду дзейнасці. "У той жа час ёсць і іншыя падыходы, якія дастаткова спросцяць вядзенне бізнесу - гэта прымяненне спрошчанай сістэмы падаткаабкладання з адзінай стаўкай 6 працэнтаў, якая будзе працаваць ужо ў 2022 годзе", - адзначыў дэпутат.
Парламентарый падкрэсліў, што на працягу студзеня ІП павінны канчаткова вызначыцца, па якім парадку яны будуць працаваць. Зрэшты, 2022 год будзе пераходным, таму што з наступнага будзе поўнасцю адменена спрошчаная сістэма, адзіны падатак для ІП.
Чытайце таксама:
Стала вядома, чаму ў Беларусі рэзка павялічыліся падаткі
Лукашэнка падпісаў новы Падатковы кодэкс – што мяняецца
Падатак для агароднікаў, пчаляроў і грыбнікоў хочуць увесці ў Беларусі