Некалькі соцень мігрантаў з Блізкага Усходу ўжо тры месяцы жывуць у лагеры каля беларуска-польскай мяжы ў ТЛЦ "Брузгі" і працягваюць шчыра верыць, што ў іх атрымаецца патрапіць у Еўропу.
Усе гэтыя людзі па-ранейшаму катэгарычна адмаўляюцца вяртацца на радзіму. Яны сочаць за навінамі, спадзяюцца на станоўчае рашэнне еўрапейскіх палітыкаў пра гуманітарны калідор у Германію, на дапамогу Папы Рымскага і проста на цуд.
Як змянілася жыццё і настроі мігрантаў за гэты час і колькі тыдняў ці месяцаў яны гатовы чакаць, чытайце ў рэпартажы журналісткі Sputnik Іны Грышук.
Будзем чакаць да вясны
"Не, мы ні не жадаем сыходзіць з гэтага лагера, не сыдзем ні завошта. Будзем чакаць, трываць холад беларускай зімы, гэта лепш, чым вяртацца ў Ірак", – адказваюць амаль як пад капірку мігранты, што засталіся ў ТЛЦ "Брузгі", і ўспамінаюць абяцанні Аляксандра Лукашэнкі, які сказаў падчас сустрэчы з імі ў лістападзе, што нікога сілком з лагера высяляць не стануць.
Мігрант Хало і частка яго сямейства, якія прадалі ўсю маёмасць у Іраку, каб з'ехаць у Германію
© Sputnik / Инна Гришук
"Вось уся мая сям’я. Мы жывём тут ужо тры месяцы. Бацькі, брат з жонкай і дзецьмі, сястра з мужам і дзецьмі, мая жонка. У нас яшчэ няма дзяцей, сям’я жонкі можа настаяць на разводзе, калі я не прыдумаю, як палепшыць наша жыццё. У Іраку ў мяне няма працы і магчымасці забяспечваць сям’ю. Няма надзеі, што нешта зменіцца. Мы верым, што ў Еўропе зможам жыць лепш", – кажа мігрант з Курдыстана Хало.
Мужчына па прафесіі – ландшафтны дызайнер, кажа, што знайсці працу па спецыяльнасці ў яго на радзіме вельмі цяжка. Удалымі бываюць толькі некалькі месяцаў за год у летні сезон. У астатні час заказаў альбо няма, альбо выпадае праца на адзін дзень у тыдзень. Пражыць на гэтыя грошы немагчыма.
Па словах Хало, вяртацца ў Ірак яго сям’я і сваякі не могуць, бо прадалі ўсю маёмасць, каб атрыманыя грошы аддаць на арганізацыю падарожжа ў Еўропу праз Беларусь. За кожнага чалавека яны плацілі па чатыры тысячы долараў, на ўсю сям'ю з дзецьмі пайшло амаль 50 тысяч долараў. Для іх гэта вялізныя грошы. Калі яны вярнуцца на радзіму, кажуць, што давядзецца жыць у прамым сэнсе на вуліцы, а зарабіць на новае жыллё ў Іраку ніколі не змогуць. Такіх гісторый у ТЛЦ "Брузгі" - дзесяткі, амаль усе з’яжджалі з Ірака з цвёрдай упэўненасцю, што змогуць удала перайсці мяжу, трапіць ў Еўрасаюз і ніколі не вяртацца.
"Мы проста чакаем. Цяпер зіма, холадна, мароз, а вясной пацяплее, і мы зможам зноў сысці ў лес, калі лагер расфарміруюць. Будзем чакаць тут да вясны. У нас няма зваротнага шляху – толькі ў Еўропу", - дадае мігрант Хало.
Бясплатная ежа, мыццё на вуліцы, душ па раскладзе
За тры месяцы побыт мігрантаў канчаткова наладзіўся. Двойчы на дзень у лагер прывозяць гарачае харчаванне, падчас абеду яны атрымліваюць пакеты з ежай на вячэру, усё гэта выдаецца бясплатна. У канцы снежня і пачатку студзеня дзецям дадаткова прывозілі шмат цукерак і прысмакаў, рабілі падарункі да Новага года і Каляд. Кожны дзень на тэрыторыі ТЛЦ працуе дзве аўтакрамы, дзе мігранты могуць купіць дадатковыя прадукты. У асноўным купляюць курыныя яйкі, бульбу, гародніну і садавіну.
© Sputnik / Инна Гришук
Частка мігрантаў занята грамадскімі працамі. Адны вывозяць смеццевыя бачкі з будынка, іншыя адказваюць за ўборку тэрыторыі, трэція – за паслугі цырульніка, чацвёртыя дапамагаюць вучыць дзяцей, бо ў іх ёсць педагагічная адукацыя.
Ваду можна набраць у бочцы, якая стаіць на вуліцы. Побач устаноўлены ваенны бойлер для нагрэву вады, ён працуе на дровах, іх мігранты навучыліся самастойна калоць, каб падтрымліваць цяпло і мець гарачую ваду. Гэтую ж печку яны прыстасавалі як духоўку – гатуюць у ёй гародніну, кашы, вараць яйкі і бульбу, грэюць бляшанкі з тушонкай.
© Sputnik / Инна Гришук
Побач з бочкай для вады перыядычна можна ўбачыць мужчын, якія мыюць ногі ці галаву прама на вуліцы нават пры мінусовай тэмпературы. Гэта тыя, хто не хоча чакаць сваёй чаргі на паход у палявую лазню, якую беларускія вайскоўцы арганізавалі за сто метраў ад ТЛЦ яшчэ ў снежні. Лазня па-ранейшаму працуе – памыцца мігранты могуць у буднія дні.
"Я амаль увесь час сплю, а чым тут яшчэ займацца? Раніцай схадзіць на сняданак, днём на абед і па ежу на вячэру, у астатні час рабіць тут няма чаго, на вуліцы ж холадна. Калі атрымліваецца зарадзіць тэлефон, можна пачытаць навіны ў інтэрнэце, але з зарадкай тут вельмі цяжка", - прызнаецца адзін з мігрантаў.
© Sputnik / Инна Гришук
Жанчыны гавораць, што ў іх заўсёды ёсць чым заняцца. Трэба ўвесь час прыглядаць за дзецьмі. Галоўная складанасць – гэта памыць і высушыць адзенне. Мыць даводзіцца ў асноўным дзіцячыя рэчы, яны ўвесь час вывешаныя або на плоце ў двары ТЛЦ "Брузгі", або ўсярэдзіне будынкаў на драўляных паддонах. Для мыцця жанчыны асобна набіраюць гарачую і халодную ваду, бялізну замочваюць у вялікіх пакетах або ў разрэзаных бутлях ад вады. Спалоскваюць бялізну, паліваючы яе са шланга.
"Не хапае тут пральных машын. Калі б устанавілі, было б добра. Мыць трэба пастаянна. А тут гэта рабіць вельмі цяжка", - гавораць жанчыны.
Мужчыны-мігранты ўвесь час просяць дапамагчы з зарадкай тэлефона.
"Дайце ваш powerbank, зарадзіцца хаця б на 10 працэнтаў. Я хачу патэлефанаваць дадому, мой тэлефон без зарадкі амаль месяц", – прасіў адзін з мігрантаў.
З зарадкай тэлефонаў у ТЛЦ сапраўды складана. Будынак склада не абсталяваны разеткамі па правілах супрацьпажарнай бяспекі, а тых, якія ёсць у службовым памяшканні, на ўсіх не хапае.
Рукі трэскаюцца ад холаду
Самы галоўны вораг мігрантаў – гэта нават не столькі польскія пагранічнікі і калючы плот на мяжы, а холад. Да яго цеплалюбівыя курды не прывыклі, прызнаюцца, што нават у самым страшным кашмары не маглі ўявіць, як гэта – мёрзнуць у цёплай вопратцы.
© Sputnik / Инна Гришук
"Беларусь – гэта самая халодная краіна ў свеце. У нас у Іраку нашмат цяплей, зімой рэдка тэмпература апускаецца ніжэй за нуль. У вас заўсёды так холадна? А летам таксама? Мы тут увесь час мёрзнем, спім у адзенні, унутры будынка без курткі будзе таксама холадна", - кажуць мужчыны-курды.
Адзін з мігрантаў распавёў, што сваякі, якія засталіся ў Іраку, не разумелі, што такое, калі на вуліцы мінус 10 ці мінус 12. Але зараз у яго родны горад Сулейманію таксама прыйшла амаль беларуская зіма: упершыню ў гісторыі краіны тэмпература панізілася да мінус 13.
"Паглядзіце на мае пальцы, гэта ўсё ад холаду, у мяне няма пальчатак, і пальцы ўвесь час мёрзнуць, з’яўляюцца раны", – паказвае распухлыя і счырванелыя ад холаду рукі 16-гадовы падлетак-курд па імені Акар.
© Sputnik / Инна Гришук
Ён кажа, што ў лагер прыехаў з бацькамі, хоча атрымаць у Еўропе нармальную адукацыю, вучыць англійскую мову, хоча таксама вывучаць рускую, пакуль ёсць вольны час. У арганізаваную на тэрыторыі ТЛЦ "Брузгі" міні-школу ён не ходзіць, бо там заняткі разлічаны толькі на малодшых школьнікаў.
"У нашай школе ў Іраку не па ўсіх прадметах былі падручнікі, там няма магчымасці атрымаць нармальную адукацыю: як можна вучыць хімію без кніжкі?" - кажа падлетак.
Мігранты ў ТЛЦ "Брузгі"
© Sputnik / Инна Гришук
Тое, што курдскія дзеці моцна адстаюць па ведах ад беларускіх дзяцей такога ж узросту, заўважылі і педагогі з міні-школы. Напрыклад, рабяты 8-10 гадоў выконваюць заданні па матэматыцы, якія беларускія дзеці лёгка робяць у падрыхтоўчай групе дзіцячага сада або ў першым класе. Тое ж і з агульным развіццём - шматлікія дзеці не ўмеюць ляпіць з пластыліну, трымаць у руках нажніцы, у прынцыпе не развіта дробная маторыка. Педагогі мяркуюць, што там дзеці проста не ходзяць у дзіцячы сад.
Колькі мігрантаў жыве ў Брузгах?
Цяпер у ТЛЦ "Брузгі" па розных ацэнках жыве ад 400 да 500 чалавек, з іх – не менш за сотню дзяцей. Частка мігрантаў – больш за 200 чалавек – з’ехала ў снежні, скарыстаўшыся прапановай Міжнароднай арганізацыі па міграцыі па праграме добраахвотнага вяртання і рэінтэграцыі мігрантаў. Многія з іх ужо ў Іраку змогуць атрымліваць матэрыяльную і іншую дапамогу ад МАМ, пакуль не знойдуць працу і зноўку не ўладкуюць жыццё на радзіме.
"Цяпер тут засталіся тыя сем’і, якія не хочуць з’язджаць нават з Міжнароднай арганізацыяй па міграцыі. Будуць чакаць і верыць у цуд. Тут цяжкія ўмовы для жыцця – няма разетак для зарадкі тэлефонаў, спаць трэба на падлозе на матрацах, заўсёды быць у цёплым адзенні, але ўсе, хто застаўся, гатовы чакаць і трываць", – патлумачыў адзін з мігрантаў па імені Франк.
Мужчына дадаў, што мігранты з ТЛЦ "Брузгі" сочаць за ўсімі палітычнымі навінамі і працягваюць верыць, што еўрапейскія палітыкі нарэшце прымуць рашэнне і дазволяць ім прайсці ў Германію.
"Мы чыталі, што настроі ў нямецкім грамадстве розныя, што частка немцаў выступае за тое, каб прыняць нашу групу мігрантаў і не прымушаць нас жыць у гэтым лагеры на мяжы. Цяпер мы спадзяемся на гэта", – сказаў на заканчэнне мігрант.
Таксама на Sputnik:
Група мігрантаў прарвалася з Беларусі ў Польшчу
МЗС: каля 4 тысяч іракцаў вярнуліся дадому з беларуска-літоўскай мяжы
Як праходзяць урокі ў школе для мігрантаў у ТЛЦ "Брузгі" – відэа
Расійская спявачка Зара прывезла дапамогу для бежанцаў у ТЛЦ "Брузгі"
Не губляюць надзеі? Першыя дні новага года ў лагеры мігрантаў – відэа