МІНСК, 29 сту – Sputnik. Збеглы ў Беларусь польскі салдат Эміль Чэчка, які папрасіў у краіне прыстанішча, заявіў, што падаў заяву ў Гаагскі трыбунал, паведаміў у суботу праваабарончы цэнтр "Сістэмная праваабарона".
Раней у студзені цэнтр, які прадстаўляе інтарэсы паляка ў Беларусі, праінфармаваў, што заява ўжо падрыхтавана і накіравана пракурору міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе – у ёй змяшчаецца прашэнне ўзбудзіць справу за злачынствы супраць чалавечнасці ў дачыненні да Польшчы і Літвы, за дзеянні супраць бежанцаў. Пры гэтым Чэчка ў дакументах заяўлены як сведка.
"Я гатоў адказваць за свае ўчынкі, мой адвакат ужо падаў заяву ў Гаагскі трыбунал. Заява прынята, і справа, верагодней за ўсё, будзе разгледжана", - сказаў Чэчка ў сваім відэазвароце.
Ён таксама выказаў спачуванні ў сувязі з гібеллю 22-гадовага польскага ваеннаслужачага на мяжы з Беларуссю, які, паводле папярэдніх дадзеных, здзейсніў самагубства.
"Служба ў польскім войску і задачы, якія апошнім часам ставяцца перад салдатамі, з’яўляюцца псіхалагічна складанымі і часта немагчымымі для выканання без таго, каб не пакінуць след на здароўе", - сказаў Чэчка.
Уцёкі ў Беларусь
Інфармацыя пра тое, што польскі вайсковец перайшоў мяжу і папрасіў палітычнага прыстанішча ў нашай рэспубліцы, з’явілася 17 снежня.
Потым Чэчка даў шэраг інтэрв’ю дзяржСМІ. Ён паведаміў шакавальныя факты аб забойствах мігрантаў на мяжы польскімі пагранічнікамі. Таксама вайсковец прызнаўся, што і сам страляў у бежанцаў.
Генпракурор Беларусі Андрэй Швед заяўляў, што інфармацыю аб дзеяннях Польшчы супраць мігрантаў Мінск накіруе ва ўсе міжнародныя арганізацыі.
Пракуратура Беластока ўзбудзіла крымінальную справу ў дачыненні да Чэчкі, яму пагражае ад года да дзесяці гадоў пазбаўлення волі. Сам вайсковец казаў, што ў Польшчы яму пагражае смерць.
Чытайце таксама:
Група мігрантаў прарвалася з Беларусі ў Польшчу
Збеглы ў Беларусь польскі салдат назваў колькасць забітых мігрантаў
Заявы аб забойстве палякамі мігрантаў трэба расследаваць – МЗС РФ
Збеглы ў Беларусь салдат прысуджаны ў Польшчы да турэмнага зняволення
У Беларусі 140 чалавек прызнаны пацярпеўшымі па справе аб гвалце над мігрантамі