МІНСК, 31 сту – Sputnik. Ініцыятыва распрацоўкі праекта закона аб грамадзянскай супольнасці павінна сыходзіць ад парламентарыяў, яны не павінны чакаць, пакуль гэта за іх зробіць адміністрацыя прэзідэнта, лічыць палітычны эксперт, дырэктар КСДС Юрый Васкрасенскі.
У тым, што такі праект закона неабходна распрацаваць у бліжэйшы час, заявіў падчас паслання парламенту і народу кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.
"Трэба, каб гэты праект закона распрацоўвалі дэпутаты, эксперты, палітолагі і філосафы, каб ад іх зыходзіла ініцыятыва. Каб не чакалі, калі, як заўсёды, зверху, з адміністрацыі прэзідэнта спусцяць нейкі законапраект", - дадзенае меркаванне выказаў Васкрасенскі ў панядзелак.
Паводле слоў эксперта, гэты момант непасрэдна звязаны з трэцім пытаннем беларускаму грамадству, якое задаў прэзідэнт у ходзе паслання, - ён датычыцца ініцыятывы.
"З майго пункту гледжання, у гэтым пытанні мяч знаходзіцца на палове Палаты прадстаўнікоў і Савета рэспублікі", - сказаў палітолаг.
Першы закон
Калі ў Беларусі распрацуюць і прымуць такі закон, то ён будзе першым, у якім вызначаць такое паняцце, як "грамадзянская супольнасць". Гэта асабліва важна ва ўмовах усё большай ролі Усебеларускага народнага схода, лічыць Васкрасенскі.
"Паняцця "грамадзянская супольнасць" у беларускім заканадаўстве ўвогуле няма. Таму патрэбна расшыфроўка гэтага тэрміна", - сказаў эксперт.
Разам з тым ён адзначыў, што ў Канстытуцыі Беларусі ўсё ж ёсць адсылка да гэтага паняцця.
Паводле яго слоў, трэба юрыдычна расшыфраваць паняцце "грамадзянская супольнасць" яшчэ і таму, што Усебеларускі народны сход будзе фарміравацца, у тым ліку, і з прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці.
Па сваім шляху
Васкрасенскі адзначыў, што Беларусь у гэтым пытанні пойдзе сваім шляхам, беручы лепшы вопыт іншых дзяржаў, як і ў выпадку з Усебеларускім народным сходам.
"Гэта ж не Усекітайскі сход народных прадстаўнікоў, не Асамблея народа Казахстана, не Вялікі дзяржаўны хурал у Манголіі, не Савет кантонаў Швейцарыі. Гэта свая ўнікальная мадэль. Таму я думаю, што закон аб грамадзянскай супольнасці будзе ўнікальным і можа быць адным з самых перадавых дакументаў", - сказаў Васкрасенскі.
З каго спішам
Адказваючы на пытанне, ці ёсць такія законы ў іншых краінах, ён звярнуўся да расійскай практыкі.
"У Расіі ёсць сукупнасць нарматыўна-прававых актаў, якія рэгулююць грамадзянскую супольнасць. І першым заканадаўчым актам, які рэгулюе грамадзянскую супольнасць у РФ, стаў закон аб абароне праў спажыўцоў, які быў прыняты ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя", - сказаў эксперт.
Гэты кансьюмерысцкі закон аб абароне праў спажыўцоў быў прыняты ў 1992 годзе і ўдасканалены ў 1996 годзе, удакладніў Васкрасенскі.
Ён "прадставіў таварыствам спажыўцоў права праводзіць незалежную экспертызу якасці і бяспекі тавараў, правяраць выкананне правіл гандлёвага і бытавога абслугоўвання і гэтак далей", - асабліва падкрэсліў Васкрасенскі.
Даўно трэба было прымаць
Палітолаг таксама лічыць, што такі заканадаўчы акт у краіне мусіў быць распрацаваны і прыняты яшчэ некалькі гадоў таму.
"Даўно трэба было прымаць такі закон, каб былі дакладныя правілы ўзаемадзеяння з дзяржавай, з няўрадавымі арганізацыямі, з донарамі, са спонсарамі, са справаздачнасцю", - сказаў эксперт. У сувязі з гэтым ён прывёў у якасці прыкладу сітуацыю, калі шэраг недзяржаўных структур працаваў па шэрых падатковых схемах.
"Былі вялікія праблемы, калі большасць НКА і НДА атрымлівалі гранты на дзейнасць, з якой не плацілі падаткі", - адзначыў Васкрасенскі.
На яго думку, закон, які прапіша правілы ўзаемадзеяння грамадзянскай супольнасці і дзяржавы, павінен быць і для таго, каб сфарміраваць палітычную культуру.
Абарона ад латэнтных сталіністаў?
Эксперт лічыць, што прыняцце такога закона дасць магчымасць развіваць у краіне дэмакратыю, у тым ліку і ў пытанні выказвання меркаванняў.
"Як толькі выкажашся не так – цябе разрываюць на часткі, як я іх называю, латэнтныя сталіністы. Прывяду прыклад: нехта са штаба Бабарыкі выказаўся за ідэю падтрымаць рэферэндум, так яны яго заклеймавалі ўсімі страшнымі словамі", - сказаў палітолаг.
Адказваючы на пытанне, каго ён адносіць да катэгорыі "латэнтных сталіністаў", Васкрасенскі сказаў: "А гэта ўсе збеглыя, на чале з Ціханоўскай, Латушкам і Цапкалам". "Чаму я іх так называю? Таму што яны любога чалавека, нават з ліку іх прыхільнікаў, які крыху адхіляецца ад генеральнай лініі іх меркавання, тут жа падвяргаюць абструкцыі і вывальваюць на яго цэбар абвінавачанняў", - растлумачыў ён.
Гаворачы аб патрэбнасці прыняцця закона аб грамадзянскай супольнасці, Васкрасенскі адзначыў, што пакуль у краіне няма сфарміраванай палітычнай культуры, то лепш, каб кожны крок на гэтым шляху быў заканадаўча рэгламентаваны.
Чытайце таксама:
Збор завершаны: беларусы адправілі 9 тысяч прапаноў па Канстытуцыі
Лукашэнка расказаў, што практычна бачыць будучых прэзідэнтаў Беларусі
Прапанаваныя ў Канстытуцыю папраўкі выклікалі цікавасць у насельніцтва – Лукашэнка