МІНСК, 2 лют – Sputnik. Новы Кодэкс аб адукацыі ўстанаўлівае абавязковую ўсеагульную сярэднюю адукацыю, скончыць вучобу пасля 9-га класа цяпер афіцыйна не атрымаецца, расказалі прадстаўнікі міністэрства адукацыі на прэс-канферэнцыі.
"Кодэксам устанаўліваецца ўсеагульная сярэдняя адукацыя як сацыяльная гарантыя. Чым гэта навеяна? Сёння выпускнікі 9-га класа працягваюць атрымліваць агульную сярэднюю адукацыю не толькі ў старэйшых класах, але і ў ліцэях і каледжах. Таму норму замацавалі ў Кодэксе, яна набудзе моц з 1 верасня 2022 года", - сказала намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Каржова.
Паводле яе слоў, аналіз размеркавання выпускнікоў 9-х класаў паказаў, што 60-62 працэнты прадаўжаюць навучанне ў 10-х класах школ, каля 22 працэнтаў - ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі (каледжах) і каля 17 працэнтаў - ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі (ліцэях).
"Мы тэсціравалі патэнцыйных абітурыентаў: была ідэя развіваць выпускнікоў 9-х класаў прафесійна-тэхнічна без атрымання агульнай сярэдняй адукацыі, каб ён у паскораныя тэрміны атрымліваў прафесію. Але ідэя аказалася не запатрабаванай сярод вучняў і іх бацькоў", - падкрэсліла начальнік упраўлення прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Мінадукацыі Аляксандра Пятрова.
На пытанне, калі выпускнік 9-га класа не захоча працягваць далейшае навучанне ні ў школе, ні ў каледжы ці ліцэі, яна ўдакладніла, што такіх дзяцей у краіне апошнія гады не было. Тым не менш, "такая магчымасць будзе разгледжана асобна".
Якія яшчэ змены чакаюць школьнікаў?
З уступленнем у сілу новага Кодэкса аб адукацыі ў Беларусі будуць аптымізаваны некаторыя віды ўстаноў адукацыі - вучэбна-педагагічныя комплексы, дзіцячы сад-пачатковая школа, дзіцячы сад-базавая школа і дзіцячы сад-сярэдняя школа.
Па словах Ірыны Каржовай, гэтыя ўстановы, запатрабаваныя ў сельскай мясцовасці, не будуць закрывацца. З 1 верасня 2022 года іх перайменуюць у базавую і сярэднюю школы. Таксама са структуры ўстаноў адукацыі будуць выключаны вучэбна-вытворчыя камбінаты (КПК), цэнтры дапрызыўнай падрыхтоўкі і вячэрнія школы.
"Змяншэнне колькасці відаў не прыводзіць да скарачэння ўстаноў адукацыі, не ўшчамляе правы навучэнцаў на атрыманне адукацыі", - адзначылі ў Мінобры.
У першы клас - у 5 гадоў
Спецыялісты ведамства адзначаюць, што шмат пытанняў у новай рэдакцыі Кодэкса ўзнікала наконт узросту прыёму ў першы клас школы. Цяпер прымаюць дзяцей, якім 6 гадоў спаўняецца не пазней за 30 верасня. Аднак зараз будзе інакш.
"Па новым Кодэксе школы будуць прымаць пяцігодак, якім 6 гадоў будзе спаўняцца не пазней за 31 снежня года прыёму", - канстатавала Ірына Каржова.
Паступленне ў 10-ы клас гімназіі
Таксама, паводле яе слоў, змены закранулі паступленні ў 10-ы клас гімназій. Цяпер дзевяцікласнікі будуць праходзіць конкурсны адбор па сярэднім бале пасведчання аб агульнай базавай адукацыі і адзнаках у прадметах, якія навучэнцы будуць вывучаць на павышаным узроўні.
Раней у беларускіх гімназіях праводзіўся адбор у 5-я класы, зараз вучні, якія скончыліся чатыры класы, праходзяць без уступных экзаменаў.
Замацаванне школ за мікрараёнамі
У новым Кодэксе аб адукацыі ўстановы адукацыі будуць замацаваны за канкрэтнымі мікрараёнамі, "каб упарадкаваць прыём дзяцей у першыя класы".
Установы ў першую чаргу будуць прымаць дзяцей, якія жывуць на тэрыторыі гэтага мікрараёна. Хто не пражывае на яго тэрыторыі - пры наяўнасці свабодных месцаў.
Чытайце таксама:
Навучальны год у школах будзе заканчвацца 31 жніўня
Прэзідэнт падпісаў галоўны для адукацыі дакумент
Мінадукацыі расказала аб новаўвядзеннях у ЦТ-2022