Піневіч: хваля "амікрона" ў Беларусі спадае, індыкатары – дзеці

Своеасаблівым індыкатарам паляпшэння сітуацыі з каронавірусам выступаюць дзеці, якія больш за ўсіх схільныя да заражэння, адзначыў міністр аховы здароўя.
Sputnik
МІНСК, 22 лют - Sputnik. Кіраўнік Міністэрства аховы здароўя Беларусі Дзмітрый Піневіч заявіў аб зніжэнні захваральнасці на каронавірус у рэспубліцы.
Адпаведныя высновы былі зроблены пасля праведзенай у аўторак відэаканферэнцыі з рэгіёнамі, зазначыў міністр.
"Мы падлічылі, што зніжэнне захворвання на кавід склала каля 30 працэнтаў", - цытуе Дзмітрыя Піневіча афіцыйны тэлеграм-канал Міністэрства аховы здароўя.
Аб паляпшэнні сітуацыі з COVID-19 сведчыць, у прыватнасці, змяншэнне нагрузкі на паліклінікі, сказаў міністр.
Што тычыцца стацыянараў, працягнуў ён, то як і меркавалася, у хвалю "амікрона" ў бальніцах інфіцыраваных значна менш, чым увосень, аднак цяжкія пацыенты ўсё ж прысутнічаюць.
Пра тое, што захворванне ідзе на спад, сведчыць і тое, што сталі менш заражацца дзеці. Як растлумачыў Дзмітрый Піневіч, "амікрон" мадэлюе эпідэміі грыпу: дзеці пачынаюць хварэць раней за ўсіх, менавіта таму іх можна разглядаць у якасці своеасаблівага індыкатара.
“Прыкладна тыдзень таму ў нас было ўсяго 8 школ, дзе захворванне склала каля 20 працэнтаў ад усіх навучэнцаў. Раней мы выпрацавалі рэкамендацыю: калі будзе хварэць больш за 30 працэнтаў навучэнцаў, можна выбарачна спыняць навучальны працэс. Але нам не прыйшлося да гэтага звяртацца, у тым ліку і таму што настаўнікі былі прышчэплены і выконваліся нашы часовыя пратаколы", - сказаў міністр.

Вакцынацыя і рэвакцынацыя - гэта працуе

Пры гэтым кіраўнік Міністэрства аховы здароўя падкрэсліў, што па-ранейшаму адным з дзейсных спосабаў змагацца з распаўсюджваннем каронавіруса з'яўляецца прышчэпка.
"Вакцынацыя і рэвакцынацыя - адзін з дзейсных спосабаў. І, апярэджваючы ваша пытанне, так: вакцыны дзейнічаюць і на падвіды штаму "амікрон", - заявіў Дзмітрый Піневіч.
Ён удакладніў, што на сёння "ў многіх рэгіёнах працэнт прышчэпленых звыш 60, зараз актыўна ідзе і бустэрная вакцынацыя". Міністр назваў важным тое, што вакцынацыя здолела ахапіць найбольш уразлівыя пласты насельніцтва.
"Выкананы ўсе лічбы па сістэме адукацыі, якія мы хацелі б бачыць, ёсць ахоп у непрацуючага насельніцтва. Пажылыя людзі старэйшыя за 70 сёння сталі найбольш уразлівымі - яны ў асноўным хварэюць цяжка. Іх мы таксама заклікаем абавязкова прайсці вакцынацыю і рэвакцынацыю", - сказаў кіраўнік Міністэрства аховы здароўя.

Абнадзейваючая статыстыка

Нагадаем, з пачатку лютага ў Беларусі сталі фіксавацца антырэкорды па хворых на COVID-19 за суткі. Да 21 чысла гэтага месяца сутачны паказчык па інфіцыраваных часта набліжаўся да адзнакі 8 тысяч чалавек.
У сувязі з абвастрэннем сітуацыі, якая была чаканая медыкамі з прычыны распаўсюджвання штаму "амікрон", паліклінікі краіны перавялі на сямідзённы працоўны тыдзень, да дапамогі ўрачам прыцягнулі інтэрнаў і студэнтаў апошніх курсаў медвузаў.
У мінулы панядзелак, паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, колькасць новых выпадкаў зменшылася амаль на тры тысячы і склала 4365 супраць 7283 суткамі раней.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Чытайце таксама:
Пасля COVID-19 або пасля вакцынацыі: урач расказаў, які імунітэт надзейней
Каля 2,5 тысячы старшакурснікаў медвузаў дапамагаюць урачам у барацьбе з COVID-19
Міністэрства аховы здароўя палічыла беларусаў, якія прышчапіліся ад каронавіруса