Зацверджана першая абаронная стратэгія Еўрасаюза

Дакументам прадугледжана фарміраванне еўрапейскіх сіл хуткага рэагавання колькасцю пяць тысяч чалавек.
Sputnik
МІНСК, 25 сак - Sputnik. Еўрапейскія лідэры ў пятніцу зацвердзілі першую агульную стратэгію ў галіне абароны і бяспекі Еўрасаюза, паведаміў кіраўнік Еўрасавета Шарль Мішэль.
Раней стратэгія была ўзгоднена міністрамі замежных спраў ЕС. Яна разлічана на найбліжэйшыя пяць-дзесяць гадоў і называецца "Стратэгічны компас".
"Мы адобрылі "Стратэгічны компас", які будзе нашым правадніком да мацнейшай абароннай палітыкі і ўмацуе нашы абаронныя здольнасці", - напісаў Шарль Мішэль у Twitter.
У прадмове да дакумента зазначаецца, што змяненні, якія назіраюцца ў геапалітыцы і канфлікт на Украіне ў прыватнасці паставілі пад сумненне "здольнасць ЕС адстойваць сваё бачанне і абараняць свае інтарэсы".
У стратэгіі падкрэсліваецца, што Еўрасаюз павінен мець магчымасць самастойна ці сумесна з партнёрамі адказваць на крызісы, якія ўзнікаюць. У сувязі з гэтым "Стратэгічны компас" прадугледжвае фарміраванне еўрапейскіх сіл хуткага рэагавання, іх колькасць складзе пяць тысяч чалавек.
У рамках новай абароннай стратэгіі дзяржавы Еўрасаюза павінны будуць праводзіць рэгулярна сумесныя вучэнні - і на сушы, і на моры. Акрамя таго, прадугледжана павышэнне ваеннай мабільнасці, умацаванне грамадзянскіх і ваенных місій у рамках агульнай палітыкі абароны і бяспекі.

Не адзіная еўрапейская армія

Аднак, як падкрэсліў кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жазэп Барэль, пад кіраўніцтвам якога распрацоўвалася канцэпцыя, размова не ідзе аб стварэнні адзінай еўрапейскай арміі.
"Размова не ідзе аб стварэнні еўрапейскай арміі. Арміі еўрапейскіх краін прадоўжаць існаваць самастойна, але нам трэба будзе больш цесна ўзаемадзейнічаць, каардынаваць нашы намаганні, асабліва ў пытаннях бюджэтаў", - растлумачыў Жазэп Барэль.

У дадатак да НАТА

З дакумента вынікае, што "Стратэгічны компас" не накіраваны на зніжэнне ролі Паўночнаатлантычнага альянсу.
"Больш моцны і дзеяздольны ў галіне абароны і бяспекі Еўрасаюз унясе пазітыўны ўклад у глабальную і трансатлантычную бяспеку, будзе дапаўняць НАТА, якая застаецца асновай калектыўнай абароны для яе членаў", - гаворыцца ў стратэгіі.
>>> Больш актуальных навін – у Telegram-канале Sputnik Беларусь
Таксама на Sputnik:
ЕС унёс у санкцыйныя спіскі некалькі беларускіх вайскоўцаў
ЕС працягнуў дзеянне персанальных санкцый супраць Беларусі
Вальфовіч: антыбеларускія цэнтры хочуць сарваць рэферэндум