"Глашу і Дуняшу прывезлі да нас працоўныя лясгаса. На ўчастку, дзе яны вялі высечку, знаходзілася бярлога, і мядзведзіца, спалохаўшыся шуму, уцякла, кінуўшы сваіх дзяцей. Зразумеўшы, што мама больш не вернецца, леснікі прывезлі мядзведзікаў да нас", - паведаміла Sputnik дырэктар Віцебскага заапарка Ірына Арлова.
Яна адзначыла, што калі малых прывезлі, яны былі вельмі слабымі і нават не маглі стаяць на нагах. Зараз мядзведзікі адужэлі, іх увесь час выгульваюць, а штодзённы рацыён у зверанят складае адзін літр малака і паўлітра вяршкоў.
Паводле слоў Ірыны Арловай, пасля блізкага знаёмства з людзьмі мядзведзікаў нельга адпускаць назад у дзікую прыроду, таму было вырашана пакінуць малых у заапарку. Для камфортнага жыцця ім неабходны вальер плошчай мінімум 60 квадратных метраў, але ў заапарка на такое будаўніцтва няма грошай.
"Пакуль на заклік аб дапамозе адгукнуліся валанцёры, якія будуць таксама дапамагаць шукаць грошы на будаўніцтва", - адзначыла субяседніца.
Паводле яе слоў, нават калі фінансаванне на новы вальер знайсці не ўдасца, медзведзяняты не застануцца без дома - работнікі заапарка пастараюцца самі "скінуцца" на будаўніцтва.
"Цяпер мы рыхтуемся да першага публічнага выгулу мядзведзікаў, які пройдзе 31 сакавіка. Першы раз мы правядзем малых на прагулку з 12:10 да 12:30, а другі раз з 15:10 да 15:30. Каб паглядзець на мішак дастаткова будзе заплаціць чатыры з паловай рублі, гэта кошт уваходу ў заапарк", - адзначыла суразмоўца.
Ірына Арлова таксама паведаміла, што вывесці малых на прагулку вырашылі пасля таго, як навіна аб мядзведзіках распаўсюдзілася па горадзе і ў заапарк пачалі прыходзіць гараджане з пытаннямі, калі малых вывядуць пагуляць. Акрамя таго, медзведзяням трэба прывыкаць да людзей.
Суразмоўніца падкрэсліла, што гэта будзе пробны выгул, падчас якога работнікі заапарка будуць глядзець не толькі за паводзінамі малых, але і за тым наколькі гараджане выконваюць правілы зносін са звяратамі. Калі ўсё пройдзе добра, то падобныя выгулы могуць праводзіць часцей, а атрыманыя ад іх грошы пойдуць на будаўніцтва вальера.
>>> Жадаеце яшчэ больш актуальных і цікавых навін - падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Таксама на Sputnik:
Гродзенскі заапарк распавёў "лаўсторы" палярных соў
Паласаты год: як жывуць тыгры ў Мінскім заапарку – відэа
У Мінскім заапарку ў лемураў з'явілася патомства